«У СНД масак няма ўжо паўтара месяца». Каронавірус падняў кошты на медычныя маскі

Першы зарэгістраваны ў Беларусі выпадак заражэння каронавірусам узвінціў кошты на медычныя маскі. Тое самае адбылося і ў іншых краінах, дзе выявілі SARS-Cov-2.

На deal.by з 99 прапановаў медычных масак толькі 12 маюць пазнаку «ёсць у наяўнасці». Кошты вагаюцца ад Br 0,85 да Br 3. Часамі прадаўцы прапануюць набываць маскі «на замову», але ў гэтых выпадках гаворка ідзе пра буйныя аптовыя партыі (100 000 – 200 000 штук).

Кошты масак на deal.by

«У СНД масак няма ўжо паўтара месяца. Усё ідзе на Кітай. Я набываю ў Расеі, бо беларускія вытворцы масак не даюць рады. Цяпер я прадаю ўпакоўку з 50-ці масак за Br 60. Паўтары месяцы таму кошт быў Br 4», – распавёў у размове з Belsat.eu адзін з менскіх аптовых прадаўцоў медычных масак.

На tabletka.by кошты на маскі вагаюцца ад Br 0,08 у аптэцы ў вёсцы Забялышын Хоцімскага раёну да Br 0,69 у аптэцы №113 у Маладзечна.

«Маскі мы прадалі яшчэ ўчора ў першай палове дня. Завоз у нас па серадах, але ці будуць маскі – невядома», – паведаміла Belsat.eu працаўніца віцебскай аптэкі на Пушкіна 6.

Прыблізна такі ж адказ мы атрымалі ў Слуцку, Полацку і некалькіх менскіх аптэках.

Кошты медычных масак на kufar.by вагаюцца ад Br 0,21 да Br 2.

У Польшчы каронавірусу пакуль няма, але кошты на маскі тут касмічныя. Напрыклад на olx.pl і allegro.pl (аналагі kufar.by) звычайныя медычныя маскі прадаюць за 0,5-3 €.

Паводле Федэральнай антыманапольнай службы Расеі, кошт медычнай маскі ў Маскве ў сярэднім вырас на 900 % (дадзеныя па стане на 17 лютага). Раней Мінздароўя РФ паведаміла, што разглядае магчымасць «замарозіць» цэны на медычныя маскі.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла kp.by, што раніцай 29 лютага са складоў «Белфармацыі» у менскія аптэкі завезлі 100 0000 шматразовых масак. А ў панядзелак, 2 сакавіка, чакаецца пастаўка яшчэ 1 млн масак.

Таксама ведамства нагадвае, што маска не гарантуе 100-адсодкавую абарону ад вострых рэспіраторных захворванняў і каронавірусу ў тым ліку, а патрэбная для тых, хто захварэў, і для медыкаў. Мінаховы здароўя просіць не паддавацца паніцы і не скупаць маскі па завышаных коштах.

ЮВ belsat.eu

Hавiны