У смаргонскім садку для дзетак пашылі народныя строі


Выхавальніца смаргонскіх ясляў-садочку №8 Эдзіта Бранцэвіч разам з камандай пашыла народныя строі сваім выхаванцам. І так у іх добра атрымалася, што прыйшлося суцішаць і малых, і бацькоў, якім не выпала паўдзельнічаць у фатаграфаванні.

Эдзіта Бранцэвіч пашыла народныя строі сваім выхаванцам.
Фота: Belsat.eu

Эдзіта Бранцэвіч, выхавальніца ясляў-садочку №8 у Смаргоні даўно песціла ідэю пашыць нацыянальныя строі.

«Чатыры гады таму я пачала працаваць у беларускамоўнай групе і занялася таксама і сваёй мовай – каб яна была не калькаванай, а сакавітай, жывой. Пачала наведваць розныя імпрэзы, этнафестывалі. Туды прыязджаюць усе ў строях і прадстаўляюць свой рэгіён. Мне таксама хацелася мець строй, каб мяне пазнавалі па мясцовасці. І каб дзеткі ведалі. Спачатку я сшыла лялькам строі, а потым для мясцовага конкурсу прапанавала зрабіць дзіцячую калекцыю».

Эдзіта Бранцэвіч.
Фота: Belsat.eu

Шыць нацыянальныя строі для дзетак дапамагала цэлая каманда: дачка-мадэльерка намалявала эскізы, а памочніца Вольга Хацiлоўская пашыла калекцыю дзіцячых строяў.

Этнаграфічнае расследаванне

Але перад тым, як раскроіць і пашыць, трэба было правесці этнаграфічнае расследаванне. Эдзіта Эдуардаўна шукала звесткі пра строі ў Музею народнай архітэктуры і побыту, у Акадэміі Навук, у мясцовым краязнаўчым музеі, сярод этнографаў, у бібліятэках. А кнігу Міхася Раманюка «Беларускае народнае адзенне» з прыўкраснымі здымкамі ёй прывезлі са спісанага бібліятэчнага фонду. Дарэчы, ад пачатку пошукаў інфармацыі да фінальнага здымка гатовага вобраза прайшоў усяго месяц.

Але перад тым, як пашыць строі, трэба было правесці этнаграфічнае расследаванне.
Фота: Belsat.eu

Паралельна Эдзіта Бранцэвіч стварала метадычку для сваіх калег:

«Зараз мы шмат увагi удзяляем сваёй малой радзіме, усе выхавальнікі і настаўнікі рыхтуюць стэнды, іншыя матэрыялы і часта выкарыстоўваюць выявы беларусаў. Я заўважыла, што гэтыя малюнкі зрабіліся настолькі недасканалымі, што дзеці засвойваюць няправільныя стэрэатыпы. У інтэрнэце збольшага расейскія строі з какошнікамі, сарафанамі. Але ж гэта не нашыя вобразы. Таксама да розных святаў дызайнеры робяць стылізаванае адзенне, якое стала ўжо зусім мала нагадваць першакрыніцу. Таму ў метадычцы мы зрабілі больш слушныя малюнкі».

Паралельна Эдзіта Бранцэвіч стварала метадычку для сваіх калег.
Фота: Belsat.eu

Як шукалі матэрыялы?

«Каб зрабіць рэканструкцыю строю, трэба мець адпаведны даматканы матэрыял, шыць і вышываць рукамі. Гэта вельмі дорага! І мы пачалі думаць, як захаваць тэхналогіі пры нашым бюджэце. Таму тканіну бралі крамную».

Дапамагалі і бацькі выхаванцаў – шукалі матэрыялы ў сваіх бабуль у вёсках. І нават знайшлі ў адной прабабулі тканіну для андарака (жаночая спадніца).

Каб зрабіць рэканструкцыю строю, трэба мець адпаведны даматканы матэрыял, шыць і вышываць рукамі. Гэта вельмі дорага!
Фота: Belsat.eu

У нацыянальных строях танчым «Ойру»

Пасля таго, як строі былі пашытыя, зладзілі фотасэт.

«Дзеткі з такім гонарам апраналі строі, спаборнічалі між сабой. Было складана выбраць, хто будзе мадэлямі», – усміхаецца Эдзіта Бранцэвіч.

Спачатку Эдзіта Бранцэвіч сшыла лялькам строі.
Фота: Belsat.eu

Кожны дзень у прыгожых строях не ходзяць – апранаюць іх на святы і танцуюць. Эдзіта Эдуардаўна навучыла дзетак некаторым рухам і крокам беларускіх народных танцаў: «Млын», «Базар», «Ойра».

Кожны дзень у прыгожых строях не ходзяць.
Фота: Belsat.eu

Простыя словы для новых дзетак

Сёлета ў групу да Эдзіты Бранцэвіч прыйшлі дзеткі з расейскамоўных сем’яў, якіх яна пакрысе ўводзіць у свет беларускай мовы.

Калі дзеткі гуляюць з цацкамі, то ім усё роўна, на якой мове гэтыя лялькі гавораць.
Фота: Belsat.eu

«Калі дзеткі гуляюць з цацкамі, то ім усё роўна, на якой мове гэтыя лялькі гавораць. І беларуская мова ўводзіцца сама па сабе. Кожны тыдзень мы разбіраем новую тэму. Напрыклад, зараз у нас – адзенне і абутак».

Фота: Belsat.eu

На пытанне, як зацікавіць дзетак беларускасцю, Эдзіта Эдуардаўна адказвае без роздумаў:

«Можна зацікавіць толькі сабой, сваім прыкладам. Калі табе не цікава, то данесці штосьці да дзяцей практычна не магчыма. Трэба ўлічваць іх узроставыя асаблівасці, цікавасці, сямейныя традыцыі. Гэта вялікая праца».

Фота: Belsat.eu

Марыя Грыц, фота Арцём Лява Belsat.eu

Стужка навінаў