У Сірыі заклікаюць стварыць міжнародны трыбунал для баевікоў «Ісламскай дзяржавы»


Курдская адміністрацыя на поўначы Сірыі заклікала да стварэння міжнароднага трыбунала для суда над тысячамі баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава».

Сябра адміністрацыі Абдул Карым Амар паведаміў Бі-бі-сі, што неабходна прыняць рашэнне, што рабіць з тысячамі чальцоў «Ісламскай дзяржавы», якія апынуліся ў руках курдаў пасля ліквідацыі апошняй апоры джыхадзістаў у Багхузе на ўсходзе Сірыі.

На мінулым тыдні злучэння Сірыйскіх дэмакратычных сіл (СДС) пры падтрымцы курдаў занялі гэтую тэрыторыя. Сярод тысяч захопленых курдамі палонных ёсць каля тысячы замежнікаў, якія ваявалі ў шэрагах «ІД» – яны з’яўляюцца грамадзянамі каля 50 краінаў.

Агулам з пачатку гэтага года байцы СДС захапілі ў палон больш за 5 тысяч джыхадзістаў з Сірыі і іншых краінаў. Яны ўтрымліваюцца ў турмах і лагерах, а жанчыны і дзеці – у спецыяльна створаных цэнтрах.

  • У 2017 годзе ў дакладзе амерыканскай аналітычнай кампаніі Soufan Group адзначалася, што расейцы складаюць самую вялікую групу замежнікаў, якія ваююць на баку тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» ў Іраку і Сірыі. Па падліках аўтараў дакладу, на баку «ІД» па стане на кастрычнік 2017 года ваююць 3417 грамадзянаў Расейскай Федерацыі. Другую па колькасці групу складаюць выхадцы з Саудаўскай Аравіі – 3244 чалавека. На трэцім месцы Іярданія з 3000 байцамі. Усяго, па падліках аўтараў дакладу, на баку «ІД» ваююць 8717 выхадцаў з краін былога СССР, уключаючы Расею. Расейскія ўлады раней прызнавалі, што сярод байцоў «Ісламскай дзяржавы» шмат расейцаў – ад 3,5 да 4 тыс.
  • Грамадзяне Беларусі ў дакладзе амерыканскіх аналітыкаў не фігуравалі. Аднак у 2015 годзе кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч заяўляў, што да «Ісламскай дзяржавы» далучыліся каля 10 беларусаў. У тым жа годзе СМІ паведамлялі пра тое, што ў Сірыі загінуў ураджэнец Гародні Дзяніс Васільеў, які ваяваў за ісламістаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў