У самалёце з Лукашэнкам, на працы і ўдома: размова са Святланай Калінкінай


Святлана Калінкіна. Фота Дзяніса Дзюбы

«Я кажу: “Аляксандр Рыгоравіч, тут ахоўнікі паказваюць, што хопіць, таму – апошняе пытанне”. А ён: “Што? Мной ахоўнікі будуць камандаваць?!”. І мы працягнулі». Гутарым з адной з самых папулярных журналістак Беларусі напярэдадні новага тэлесезону.

– Вы прачынаецеся раніцай, да чаго цягнецца рука: зрабіць каву ці спраўдзіць навіны?

– А вось адначасова: у мяне на кухні ноўтбук, я раблю каву і праглядаю навіны. Потым ужо прымаю душ і раблю ўсё астатняе. Дарога да працы займае няшмат: я жыву ў цэнтры Менску, на плошчы Якуба Коласа.

– Каго б вы марылі запрасіць у студыю праграмы «Размова», якую вядзеце на «Белсаце»?

– Мне вельмі падабаюцца разумныя і паспяховыя людзі. Але не звязаныя з палітыкай і нават не акторы. Запрасіла б Біла Гейтса. Або Стыва Джобса, калі б ён быў жывы. Калі кантактуеш з разумнымі людзьмі, проста зараджаешся энергіяй. За гэта я і люблю «Размову».

> Глядзець праграму «Размова»

– Вы казалі, што размаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам вам было б нецікава, бо інтэрв’ю атрымалася б занадта прадказальным. Але ў сярэдзіне 1990-х вы трапілі ў ягоны самалёт, і ён сам прапанаваў вам задаць яму пытанні. Тады размова атрымалася цікавай?

– Тады мы проста яшчэ добра яго не ведалі. Я перакананая, што за 20 гадоў, якія ён ва ўладзе, палова журналістаў могуць напісаць з ім інтэрв’ю і без ягонага ўдзелу. То бок спрагназаваць, што ён адкажа. Мне было б цікава паразмаўляць з ім пасля ягонай адстаўкі, і я спадзяюся гэта зрабіць.

А тады было звязана з перамовамі з Расеяй, больш эканамічная тэма. Там сама сітуацыя была цікавая. Я ўжо працавала ў «Беларускай дзелавой газеце» і, зразумела, ні ў якім прэзідэнцкім пуле не была. Мы акрэдытаваліся на саміт СНД праз штаб-кватэру СНД у Менску і самі паехалі ў Маскву. Вяртаючыся, сустрэлі беларускую дэлегацыю і падумалі: можа паспрабаваць вярнуцца з імі самалётам, каб было хутчэй. Павел Шарамет (цяпер цяжка ў гэта паверыць) пайшоў да ахоўніка спытаць, ці возьмуць нас. У выніку справа дайшла да Шэймана. Ён (я так думаю) запытаўся ў Лукашэнкі, і той сказаў: добра. Нам сказалі ціхенька сядзець у хвасце самалёта і не задаваць ніякіх пытанняў.

Прыляцелі ў Менск, выйшлі з самалёту. Я акурат, павярнуўшыся спіною да прэзідэнцкага трапа, корпалася ў сумцы. І тут падыходзіць Лукашэнка: «Дык што, у вас няма пытанняў?!». Так мы і распачалі інтэрв’ю. У нейкі момант ахоўнікі даюць мне знак, што ўсё: трэба заканчваць. Я кажу: «Аляксандр Рыгоравіч, тут ахоўнікі паказваюць, што хопіць, таму – апошняе пытанне». А ён: «Што? Мной ахоўнікі будуць камандаваць?!». І мы працягнулі.

Мне падаецца, што Лукашэнка заўсёды цаніў незалежных журналістаў, яму было важна іхнае меркаванне. Ад дзяржаўных, ён ведаў, нічога непрадказальнага чакаць не выпадае. Заўважце, з так званага прэзідэнцкага пулу – хто на БТ оды спяваў, які ён геніяльны кіраўнік, – ніхто не зрабіў кар’еры. Яны з працы выляталі куляй за нейкую малую правіннасць.

Святлана Калінкіна. Фота Дзяніса Дзюбы

– То бок, цяпер Лукашэнка сам чытае навіны ў інтэрнэце.

– Я думаю, што падрос Коля, і як усе дзеці, стаў карыстацца гаджэтамі. Так тата і далучыўся да інтэрнэту. Раней яму прыносілі ў пераказе. Я заўважыла гады можа чатыры таму, што ён у курсе навінаў, якія з’яўляюцца онлайн.

– А Пуціна хацелі б запрасіць у «Размову»?

– Магчыма, каб проста зразумець, што гэта за чалавек у прыватных зносінах. Хоць мне падаецца, гэта персона вельмі прадказальная. Усе дыктатары падобныя. Яны думаюць аднолькава, у іх аднолькавыя аргументы і апраўданні. Мы гэты тыпаж ужо ведаем. Вось чаму, сыходзячы з пасады, танчыць на імпрэзе прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй? Яе ж не пераабралі! Мне такія людзі цікавыя.

Святлана Калінкіна. Фота Дзяніса Дзюбы

– Учора вы са стылісткай выбіралі гардэроб да новага тэлевізійнага сезону. Любіце шопінг?

– Люблю незапланаваныя пакупкі, калі проста нешта кінулася ў вока. У Менску, на жаль, на гэта няма ні часу, ні жадання. Таму шопінгам займаюся ў паездках. Я не фанат нейкіх канкрэтных марак, мне або падабаецца, або не.

– А на адпачынак ездзіце ў розныя месцы ці ёсць нейкае адно, куды пастаянна вяртаецеся?

– Я люблю Іспанію, асабліва Барсэлону. Шмат разоў адпачывала ў гарадку Салоў (Коста-Дарада). Мы з сынам смяемся, што для яго Салоў – як для іншых беларусаў бабуліна вёска: так добра ён там усё ведае.

Хоць ад журналістыкі, канешне, немагчыма адпачыць. Ты можаш піць каву і глядзець на свет – і раптам табе прыходзіць нейкая ідэя. Або нешта адбываецца: усе застануцца сядзець, а журналіст пабяжыць глядзець, што там такое.

Але чалавеку трэба выязджаць, бачыць іншыя краіны, адпачываць. І гэта вельмі важна для дзяцей, калі з маленства яны ведаюць, што не замкнёныя ў адной краіне, што перад імі цэлы свет. Тады яны па-іншаму да ўсяго ставяцца.

Святлана Калінкіна. Фота Дзяніса Дзюбы

– Сын вырашыў не ісці ў журналістыку.

– Ён праграміст, працуе ў кампаніі ў Парку высокіх тэхналогіяў. Я лічу, што чалавек павінен займацца тым, што яму падабаецца. У мяне, напрыклад, была вайна з бацькамі, калі я пасля школы вырашыла паступаць на факультэт журналістыкі.

У нашай сям’і няма гуманітарыяў. Бацькі – інжынеры-аўтамабілебудаўнікі. Таму яны вырашылі, што паколькі дзяўчынка ў матэматыцы не разумее, то пойдзе ў медінстытут. Але я сказала, што ніколі не буду доктарам. Конкурсы на журфаку тады былі шалёныя. Але я паступіла. І ні разу не пашкадавала. Раблю, тое, што люблю найбольш, а мне яшчэ і грошы за гэта плацяць!

– Але гэта вельмі цяжка, калі прафесія такая, што немагчыма пераключыцца. Як вы змагаецеся са стрэсам?

– Для мяне, ды я думаю, што і для ўсіх славянаў, найлепшы сродак – пасядзелкі з сябрамі. Абмяркоўваеш праблему, пачынаюцца нейкія жарты, падколкі – і яна ўжо не падаецца такой вялікай. Прымаўка кажа, сябры пазнаюцца ў бядзе. Нічога падобнага. У бядзе табе шмат хто дапаможа. А вось пацешацца за цябе, калі ты дасягнуў поспеху, толькі насамрэч блізкія людзі.

Фота Дзяніса Дзюбы

– Што можна пакаштаваць, калі прыходзіш у госці да Святланы Калінкінай?

– Я майстар, калі трэба хутка накрыць стол. Пячы пірагі, сядзець каля іх паўдня, пакуль падымуцца – гэта не на мой характар. Таму найчасцей салаты. Ну і ежа нездаровая ў асноўным. Здаровы лад жыцця – гэта, я лічу, секта (смяецца – belsat.eu).

А ўлюбёная страва – боршч. Дарэчы, выказванне Лідзіі Ярмошынай, пра тое, што жанчынам менавіта на яго прыгатаванні і трэба сканцэнтравацца, а не лезці ў палітыку, мяне здзівіла. У мяне, пакуль варыцца боршч, цудоўна пішуцца калонкі, так што адно другому ніяк не замінае.

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Hавiны
Лукашэнка працуе 10–12 гадзін у месяц: самыя гучныя цытаты з «Размовы»
2019.04.24 07:00

Размаўляла Інга Чэх

Стужка навінаў