Беларусь разлічвае неўзабаве пампаваць сабе нафту праз нафтаправод Адэса – Броды. Пра гэта заявіў 25 лютага намеснік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў, паведамляе БелТА.
Прадстаўнік канцэрну адзначыў, што зараз ідзе праца для закупкі альтэрнатыўнай нафты з выкарыстаннем паўднёвага маршруту, з украінскай тэрыторыі.
«Пастаўкі па Адэса – Броды пачнуцца ў бліжэйшы час, у сакавіку. Аб’ём – некалькі танкераў», – адзначыў Уладзімір Сізоў.
Паводле яго, нафтаправод Адэса – Броды будзе выкарыстоўвацца як самы эканамічны, хуткі і надзейны транспарт. Сізоў адзначыў, што ідзе праца па набыцці рэсурсаў у Чорным моры – як вытворчасці азербайджанскай кампаніі, так і вытворцы з РФ.
Намеснік старшыні «Белнафтахіму» таксама распавёў пра падпісанне пратаколу з Расеяй аб кампенсацыі за брудную нафту. Зараз ідзе праца, накіраваная на выяўленне і пацвярджэнне тых кампенсацыйных выплатаў, якія ў выніку павінны будуць быць выплачаныя Мазырскаму НПЗ, дадаў ён.
Сізоў адзначыў, што гаворка ідзе пра суму «па аналогіі з іншымі бакамі, якія былі ўцягнутыя ў гісторыю з бруднай нафтай», – гэта контрагенты ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі. Яны атрымалі кампенсацыю ў памеры $ 15 на барэль забруджанай нафты.
МГ belsat.eu