У рэйтынгу здаровых краінаў Беларусь на 81 месцы


Агенцтва Bloomberg апублікавала свой штогадовы міжнародны рэйтынг краін свету па ўзроўні здароўя насельніцтва – Healthiest Country Index. У даследаванні, на падставе звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, аддзелу народанасельніцтва ААН і Сусветнага банку, была праведзена ацэнка 169 краінаў свету з пункту гледжання шэрагу фактараў, якія аказваюць уплыў на здароўе насельніцтва.

У рэйтынгу ўлічваліся працягласць жыцця, паленне, рызыка смерці ад перадазіроўкі наркотыкамі, атлусценне насельніцтва, а таксама экалагічныя фактары – доступ да чыстай вады, санітарныя ўмовы і іншыя паказнікі.

Першае месцы ў рэйтынгу дасталася Іспаніі. Далей у першай дзясятцы – Італія, Ісландыя, Японія, Швейцарыя, Швецыя, Аўстралія, Сінгапур, Нарвегія і Ізраіль, паведамляе РБК.

Беларусь у спісе ажно на 81-м месцы. Значна апярэджваюць нашу краіну Куба (30), Чылі (33), Турцыя (51), Іран (69.). Расея заняла толькі 95-е месца, Украіна – 93-е.

Адзначаецца таксама, што сур’ёзны ўплыў на ўзровень здароўя нацыі аказваюць харчовыя звычкі. Гэтак, жыхары краін, дзе пераважае «міжземнаморская дыета», значна меней хварэюць на сардэчныя захворванні, чым, напрыклад, жыхары краінаў, якія спажываюць невялікую колькасць тлушчаў.

У Паўночнай Амерыцы Канада (16-е месца) мае лепшыя паказнікі, чым ЗША (35) і Мексіка (53) па чаканай працягласці жыцця. Эксперты патлумачылі гэта значна больш нізкай рызыкай смерці ад перадазіроўкі наркотыкаў і самагубстваў.

Куба (30-е месца) у рэйтынгу апынулася на пяць радкоў вышэй ЗША. Даследчыкі патлумачылі гэта развітой сістэмай прафілактычнай медыцыны і наяўнасцю праграмаў выяўлення небяспечных захворванняў на ранняй стадыі.

27 з 30 самых нездаровых краінаў знаходзяцца ў Афрыцы.

СК, belsat.eu, паводле thinktanks.by

Стужка навінаў