У Рэчыцы матацыкліст зламаў руку інспектару ДАІ


Раніцай 6 чэрвеня, калі на адной з вуліц гораду экіпаж ДАІ спыніў матацыкл з каляскай, кіроўца без пасведчання аказаў супраціў міліцыянтам.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал прэс-службы МУС.

Матацыклам кіраваў 42-гадовы мясцовы жыхар, які паведаміў інспектару, што забыўся ўзяць з сабой пасведчанне кіроўцы. Аднак высветлілася, што мужчына падмануў інспектараў – чалавека з названымі дадзенымі не існавала ў базе. Для высвятлення асобы кіроўцы было прапанавана прайсці ў РАУС, але ён кінуўся бегчы.

Падчас пераследу правапарушальнік пералез праз плот, але там яго нагнаў адзін з інспектараў. Пры затрыманні матацыкліст аказаў супраціў і зламаў міліцыянту руку.

У выніку ўцекача затрымалі, выклікаўшы падмацаванне. Высветлілася, што ў 2018 годзе мужчына здзейсніў ДТЗ і схаваўся, за што і быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на два гады. Тэрмін пакарання павінен быў скончыцца гэтай восенню.

Яго змясцілі ў ІЧУ, распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў і складзены адміністратыўны пратакол за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае такога права.

КА belsat.eu

Стужка навінаў