У Расеі раздрабнілі і закапалі 140 тонаў яблык з Беларусі


Адна з партыяў яблык, якія ўехалі ў Расею з тэрыторыі нашай краіны. Фота – rshn32.ru

На гэтым тыдні ў Бранскай і Смаленскай вобласцях інспектары «Рассельгаснагляду» знішчылі некалькі партыяў яблыкаў агульнаю вагою больш за 140 тонаў, падае старонка службы.

У панядзелак і сераду інспектары знішчылі пяць партыяў яблык агульнаю вагою 80 тонаў, якія мытнікі затрымалі з дапамогай аўтаінспектараў і супрацоўнікаў ФСБ у Бранскай вобласці.

Падчас дагляду прадукцыі адмыслоўцы выявілі, што яблыкі ўехалі з тэрыторыі Беларусі ў абыход фітасанітарных кантрольных пастоў. Груз быў без неабходных суправаджальных дакументаў, якія пацвярджалі б паходжанне садавіны, яе якасць і бяспеку.

Яшчэ 61 тону яблык без дакументаў мытнікі затрымалі ў Смаленскай вобласці.

Ва ўсіх выпадках садавіну спачатку раздрабнілі, а потым закапалі.

Усяго ж з пачатку года мытнікі Смаленскай і Бранскай вобласцяў затрымалі больш за 3 400 000 кг прадукцыі, увезенай у Расею без дакументаў.

  • 12 красавіка Расея забараніла ўвоз яблыкаў і груш з Беларусі. Масква абвінавачвае Менск у пастаўках санкцыйнай прадукцыі з Еўропы пад выглядам беларускай.
  • У бліжэйшы час «Рассельгаснагляд» не мае намеру здымаць гэтую забарону.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў