У Расеі афіцэра флоту абвінавацілі ў працы на ўкраінскія спецслужбы і далі 10 гадоў турмы


Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд РФ прыгаварыў маёра Чарнаморскага флоту Дзмітрыя Далгаполава да 10 гадоў калоніі суворага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым у дзяржаўнай здрадзе.

Як паведамляе «Интерфакс» са спасылкай на ФСБ, сужыцельку вайскоўца Ганну Суханосаву прысудзілі да дзевяці гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму паводле такога ж абвінавачвання.

У ФСБ паведамілі, што абвінавачаныя здзейснілі дзяржздраду, выдаўшы дзяржаўную таямніцу спецслужбам Украіны. Паводле версіі следства, яны супрацоўнічалі з украінскай выведкай і за ўзнагароджанне перадавалі звесткі аб дзейнасці частак і злучэнняў Чарнаморскага флоту. У ФСБ адзначылі, што фігуранты справы нібыта прызналі сваю віну цалкам і раскаяліся.

Дзмітрый Далгаполаў і Ганна Суханосава былі затрыманыя ў Сімферопалі ў верасні 2017 года, паведамляла «Новая газета». Выданне адзначала, што ва Украіне Далгаполава таксама абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў