У публікацыі пра мыла на вяровачцы завод бачыць правакацыю і падрыў дзелавой рэпутацыі


Выданне «Рэгіянальная газета» размясціла фота з прыбіральні Маладзечанскага заводу парашковай металургіі, дзе відаць, што мыла прывязанае вяроўкай да крану. Прадпрыемства палічыла, што публікацыя правакацыйная і падрывае яго дзелавую рэпутацыю.

16 студзеня ў Менскім абласным эканамічным судзе разгледзелі прэтэнзію Маладзечанскага заводу парашковай металургіі да «Рэгіянальнай газеты» за публікацыю фотаздымка і інфармацыі аб тым, як на прадпрыемстве папярэджваюць крадзеж мыючых сродкаў.

Нагадаем, што менавіта стала прычынай непаразумення. 10 кастрычніка мінулага года недзяржаўнае медыа «Рэгіянальная газета» размясціла здымак, зроблены ў прыбіральні Заводу парашковай металургіі ў Маладзечне. Фота ў рэдакцыю даслаў чытач выдання. На здымку бачна, як кавалак гаспадарчага мыла прывязаны да крана вяроўкай зялёнага колеру. У матэрыяле было пазначана, што такім спосабам на прадпрыемстве змагаюцца з крадзяжом мыючага сродку.

Hавiны
Завод патрабуе абвяржэння за фота мыла, прывязанага да крану
2020.01.13 13:54

Папярэдняе паседжанне па справе прайшло напрыканцы мінулага года. Тады высветлілася, што кіраўніцтва прадпрыемства абурыў не столькі фотаздымак, колькі негатыўная афарбоўка загалоўка: «Каб не скралі…». На заводзе палічылі, што ў артыкуле нібыта сцвярджаецца пра сістэматычныя крадзяжы.

Да ўзаемнага пагаднення бакі прыйсці не змаглі. Завод настойваў на тым, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і наносіць іміджавую шкоду, падрываючы давер да іх у партнёраў – у тым ліку праз негатыўныя каментары пад апублікаваным матэрыялам.

«На мінулым паседжанні я не меў права гэтага разгалошваць. Справа ў тым, што наш завод зʼяўляецца пастаўшчыком камплектуючых вырабаў для выканання дзяржабарончых замоваў ваеннага часу. У тым ліку для прадпрыемстваў Расейскай Федэрацыі. І сваёй публікацыяй газета так ці іначай кідала цень на тое, што, аказваецца, у нас можна не толькі мыла скрасці, а магчыма і дэталі, якія пойдуць, выбачаюся, на абарону. Такім чынам мы ў гэтым бачым падрыў рэпутацыі», – заявіў Васіль Капуцкі, намеснік дырэктара заводу, які прадстаўляе прадпрыемства на судзе.

Паводле яго, з заводам ужо паспелі звязацца партнёры, каб удакладніць абставіны справы.

Фота: rh.by

Адказчык – «Рэгіянальная газета» – настойвае, што канфліктны матэрыял варта разглядаць з двух бакоў: як факт, які пацвярджаецца фотаздымкам, і ўласнае меркаванне, выказванне ў загалоўку. Нанесці шкоду ці прынізіць годнасць намеру ў выдання не было.

«Я хацела прадэманстраваць гэтае фота ў якасці фотафакта. Па маім меркаванні, гэта не зусім звычайная зʼява, калі мыла прывязваюць да рукамыйніка. Я з такім ніколі не сутыкалася», – заявіла Зоя Хруцкая, намесніца галоўнага рэдактара і аўтарка матэрыялу, якая праходзіць у судзе як сведка.

Выснову, што такім чынам на прадпрыемстве папярэджваюць крадзеж, аўтарка зрабіла з практыкі, якая існуе ў шматлікіх установах. У прыклад яна прывяла прывязаныя да стойкі асадкі ў банках і на пошце.

Адсутнасць негатыўнай афарбоўкі ў тэксце не ўбачыў і спецыяліст Цэнтру Даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лукашанец, якога прыцягнулі да працэсу ў якасці эксперта. Ён заявіў, што зачапіцца можна за слова «скралі». Аднак яно мае нейтральнае найменне дрэннага ўчынку. У матэрыяле адсутнічае канкрэтыка. І прадстаўлена выключна субʼектыўнае меркаванне аўтара.

На думку Алега Агеева, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, падобны працэс можа сведчыць толькі пра тое, што дзяржаўныя ўстановы неадэкватна рэагуюць на тое, што пра іх пішуць недзяржаўныя СМІ.

Алег Агееў.
Фота: Belsat.eu

«Тут не трэба быць прафесарам лінгвістыкі, каб паглядзець, што ў гэтай публікацыі няма ніякага замаху на дзелавую рэпутацыю пазоўніка. Гэта нейтральнае апісанне фактаў з асабістым меркаваннем журналіста, – кажа Алег Агееў. – Прыемна, што суд разбіраецца і спрабуе ўявіць сабе, што гэта – факт, а гэта – асабістае меркаванне. БАЖ заўсёды казаў, што ў нас гэта крыху заблытана прапісана ў заканадаўстве. Гэты працэс – добрае сведчанне таго, што практыка ідзе наперадзе прававога рэгулявання».

Напрыканцы паседжання суддзя Ірына Шпак адхіліла хадайніцтва пазоўніка па выкліку аўтара здымка ў суд і абʼявіла перапынак да 22 студзеня.

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў