У Польшчы ўжо тыдзень шукаюць 5-гадовага хлопчыка з расейскім грамадзянствам


Давід Жукоўскі. Фота – policja.waw.pl

Ужо шэсць дзён сотні чалавек шукаюць Давіда Жукоўскага, але паліцыя дагэтуль не мае ніякіх слядоў, якія б дапамаглі знайсці дзіця, падае «gazeta.pl».

У пошуках хлопчыка бяруць удзел паліцыянты, жаўнеры тэрытарыяльнай абароны, добраахвотнікі, пажарныя і скаўты, а таксама верталёт з цеплавізійнай камерай і дроны. Медыі называюць пошукавую аперацыю найбуйнейшай у гісторыі Польшчы.

32-гадовы бацька Давіда забраў хлопчыка з дому ягонай маці ў мястэчку Гродзіск Мазавецкі пад Варшавай 10 ліпеня каля 17:00.

У той жа дзень каля 21:00 цела бацькі знайшлі на чыгуначным пераездзе.

«Мужчына чакаў на цягнік, які едзе, за слупам. Калі цягнік прыблізіўся, ён кінуўся пад яго», – распавёў пракурор Лукаш Лапчынскі радыё «RMF».

Шэрую «Шкоду Фабія» мужчыны знайшлі ў трох кіламетрах ад трагедыі.

Старая «Шкода Фабія», якую знайшлі ў Гродзіску Мазавецкім пасля самагубства бацькі Давіда Жукоўскага. Фота – policja.waw.pl

Следчыя разглядаюць версію, што хлопчык мог страціць жыццё, а бацька яго пахаваў. Паводле каналу «TVN», на карысць гэткай гіпотэзы можа сведчыць візіт бацькі ў касцёл, каля якога і знайшлі «Шкоду».

Следчыя дагэтуль не ведаюць нічога аб месцазнаходжанні Давіда Жукоўскага. Фота – policja.waw.pl

Неафіцыйна вядома, што маці, і бацька апошнія тры тыдні жылі асобна, але мелі правы на апеку над дзіцём.

Маці Давіда была з Расеі, хлопчык меў расейскае і польскае грамадзянства.

У размове з «РИА Новости» консульскі аддзел амбасады Расеі ў Польшчы паведаміў, што знаходзіцца ў кантакце з паліцыяй і адсочвае пошукі хлопчыка.

За дзве гадзіны да смерці мужчына званіў да маці Давіда, іхная размова трывала 40 хвілінаў. Потым ён напісаў паведамленне: «Ужо ніколі не ўбачыш сына».

Бацька Давіда Жукоўскага. Фота – policja.waw.pl

Вядома, што ў мужчыны ёсць дачка з першага шлюбу, але ягоная былая партнёрка ўцякла з дзіцём ува Украіну. Польскія журналісты мяркуюць, што 32-гадовы мужчына баяўся, што сітуацыя можа паўтарыцца.

Журналісты даведаліся, што праз азартныя гульні мужчына меў даўгі памерам каля $ 53 000.

На сёння гісторыяй знікнення хлопчыка жыве ўся Польшча. Цяпер пошукі Давіда працягваюцца ўздоўж трасы паміж Гродзіскам Мазавецкім і Варшавай, а таксама на тэрыторыі паміж месцам, дзе быў прыпаркаваны аўтамабіль, і месцам гібелі бацькі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў