Польская пракуратура распачала эксгумацыю загінулых у авіякатастрофе прэзідэнцкага самалёту ў 2010 годзе. Першая эксгумацыя адбылася ў Кракаве, з крыпты сабору на Вавэлі вынялі труны загінулага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага і ягонай жонкі Марыі.
Падчас эксгумацыі да кракаўскага замку на Вавэль прыехалі брат загінулага прэзідэнта Яраслаў Качыньскі і дачка Марта Качыньска. «Мы маліліся разам з сямʼёй прэзідэнцкай пары падчас выняцця трунаў з саркафагу і пазней, калі іх выносілі з катэдры», – распавёў журналістам ксёндз Сохацкі, які прысутнічаў падчас працэдуры.
Міжнародная група экспертаў некалькі гадзінаў даследавала целы, але вынікі экспертызы будуць вядомыя найпазней праз чатыры месяцы.
Эксгумацыя адбылася ў межах расследавання авіякатастрофы прэзідэнцкага Ту-154, якая адбылася ў Расеі ў 2010 годзе. Сярод іншага экспертыза мае адказаць на пытанне, ці мела месца блытаніна падчас перадачы целаў расейскім бокам, ці былі дапушчаны памылкі ў апісанні пашкоджанняў, якія атрымалі ахвяры катастрофы, якім чынам адбывалася ўскрыццё целаў у Расеі. Эксперты зладзілі кампʼютарную тамаграфію, ускрыццё, а таксама ўзялі пробы для лабараторных даследаванняў.
Сярод іншага вынікі экспертызы могуць дапамагчы ў спраўджванні гіпотэзы пра выбух на борце самалёту перад спробаю пасадкі.
Польская пракуратура паведамляе, што эксгумацыі падлягаюць 83 целаў ахвяраў смаленскай катастрофы – акрамя тых, што былі пахаваныя пасля крэмацыі. Да канца году пракуратура плануе зладзіць 10 эксгумацыяў, а завяршыць усе эксгумацыі ўвосень ці ўзімку 2017 году.
За 6 гадоў расследавання былі апублікаваныя справаздачы аб прычынах катастрофы. Паводле той, што апублікаваў расейскі бок, віна ляжыць на баку польскіх службаў, што рыхтавалі палёт, і на баку польскіх пілотаў, якія ва ўмовах кепскай бачнасці спрабавалі з уласнай ініцыятывы пасадзіць самалёт, замест таго, каб развярнуцца і скіравацца на іншы аэрадром.
Польскія следчыя і эксперты не маюць поўнага доступу да рэчавых доказаў – расейскі бок адмаўляецца перадаваць парэшткі збітага самалёту. «Ключавыя доказы па-ранейшаму знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і я не маю моцных спадзяванняў на тое, што неўзабаве мы іх атрымаем», – заявіў журналістам намеснік Генпракурора Польшчы Марэк Пасёнэк.
Таксама Расея адмовіла Польшчы ў магчымасці ўзяць паказанні ў сведкаў, у тым ліку дыспетчараў. Афіцыйная Маскватуманна патлумачыла гэтую адмову тым, што гэтыя сведкі зʼяўляюцца грамадзянамі Расейскай Федэрацыі «і могуць праз факт такой дачы паказанняў рызыкаваць крымінальнаю адказнасцю».
Адначасова з гэтым польскія судовыя медыкі сцвярджаюць, што ў 90 % усёй медычнай дакументацыі, атрыманай з Расеі, ёсць памылкі: спрэчныя апісанні целаў і атрыманых пашкоджанняў, у выпадку 35 асобаў некаторыя абавязковыя працэдуры пры ўскрыцці ўвогуле былі праігнараваныя.
У такой сітуацыі, палягаючы выключна на матэрыялах і дакументацыі, атрыманай з Расеі, польскі бок не можа казаць пра ўсебаковае і абʼектыўнае расследаванне катастрофы.
Самалёт Леха Качыньскага разбіўся пры заходзе на пасадку на аэрадром «Паўночны» 10 красавіка 2010 года. Польскія палітыкі ляцелі на жалобныя мерапрыемствы ў сувязі з 70-й гадавінай расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні. У выніку авіякатастрофы загінулі 96 асобаў, у тым ліку тагачасны прэзідэнт Польшчы і ягоная жонка, шэраг высокіх урадоўцаў і вайскоўцаў.
Зміцер Ягораў, belsat.eu