У офісах Гуцэрыева паліцыя ладзіць ператрусы. Сам алігарх абвяргае гэта


Расейскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах паведамляюць пра ператрусы ў маскоўскіх офісах кампаніяў, звязаных з «Групай Сафмар», якімі валодае Міхаіл Гуцэрыеў і яго сын Саід. У сваю чаргу «Сафмар» заяўляе, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

Пра тое, што ў маскоўскія офісы кампаніі «Групы Сафмар» прыйшлі з ператрусам праваахоўнікі паведамляе Telegram-канал Mash.

«Следчыя распачалі крымінальную справу па факце кантрабанды нафты ў Еўропу адной з кампаніяў сына Гуцэрыева. Справа заведзеная паводле заявы федэральнай мытнай службы. Ператрусы ладзіліся ў тым ліку і ў доме Гуцэрыева», – паведамляюць «Ведомости» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.

Паводле некаторых звестак вядзецца пра кантрабанду больш за 100 тысячаў тон нафты. У выніку бюджэт краіны не паступіла каля 3 мільярдаў расейскіх рублёў (каля 48 мільёнаў долараў ЗША).

Паводле выдання «Коммерсант», па выніках ператрусаў няма затрыманых і абвінавачаных.

«Мы афіцыйна заяўляем, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці – у праваахоўных органаў няма прэтэнзіяў да кампаніяў групы. Публікацыі пра ператрусы «Сафмар» расцэньвае як «фейк і правакацыю», – адзначаецца ў паведамленні на сайце кампаніі «Сафмар».

Гуцэрыеў – адзіны расейскі алігарх, набліжаны да Лукашэнкі

Міхаіл Гуцэрыеў адзіны расейскі алігарх, з якім Аляксандр Лукашэнка не толькі падтрымлівае стасункі, але і зусім не хавае гэтага. Сам алігарх мае шэраг актываў у нашай краіне.

У Беларусі Гуцэрыеў стварае на базе Старобінскага радовішча калійных соляў Нежынскі горна-абагачальны комплекс. Комплекс будзе другім па ліку прадпрыемствам у Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў магутнасцю да 2 мільёнаў тон хларыду калію ў год.

Міхаіл Гуцэрыеў і Аляксандр Лукашэнка. 2015 год

Акрамя таго, Гуцэрыеў пабудаваў у Менску гатэль «Рэнесанс», тэрмінал для бізнес-авіяцыі ў сталічным аэрапорце ды шэраг іншых аб’ектаў. Напрыканцы 2017 года ён перадаў Любанскаму райвыканкаму пяціпавярховы 40-кватэрны жылы дом.

Імя расейскага алігарха прагучала таксама з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, калі той распавядаў пра падораны яму на дзень народзінаў «Майбах».

«Што тычацца гэтага «Майбаха», дык яго ўжо не выпускаюць, яго знялі з вытворчасці. Мне падаравалі яго на дзень нараджэння – я яго аддаў дзяржаве. Мне ўсё роўна трэба было б набыць аўтамабіль, калі б не было гэтага «Майбаха», – заявіў тады кіраўнік дзяржавы.

«Майбах» мадэлі 57/62 лічыцца адной з самых дарагіх машын у свеце – яна каштуе каля 500 тысяч долараў. Паводле СМІ, гэта падарунак Лукашэнкі зрабіў зноў-такі Гуцэрыеў. Праўда, алігарх пазней адмаўляў гэта.

ВІДЭА
Лукашэнка павіншаваў алігарха Гуцэрыева з юбілеем. Топ-7 фактаў пра расейскага сябра кіраўніка Беларусі
2018.03.09 13:33

СК belsat.eu

Стужка навінаў