3 студзеня ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце адбыўся сход з замежнымі студэнтамі ВНУ, на якім разбіраліся навагоднія інцыдэнты з удзелам студэнтаў з Туркменістану, падаюць «Альтэрнатыўныя навіны Туркменістану».
На сходзе дэкан ВНУ па працы з замежнымі студэнтамі Наталля Скрыба сказала, што туркмены падзяліліся на дзве групы і ўступілі ў бойку з ужываннем бітаў.
«Разборкі такія ў межах уласнай нацыі», – казала Скрыба.
У навагоднюю ноч туркменскія студэнты ўзрывалі на тэрыторыі інтэрнату петарды. Міліцыянты, якія прыехалі, сітуацыю не выправілі – п’яныя туркмены пачалі кідаць петарды і ў іх.
«Думаў, вайна пачалася», – прывёў падчас сходу словы калегі намеснік дэкану факультэту права Яўген Астапаў.
Прарэктар па выхаваўчай працы ўніверсітэту Сяргей Скрыба заклікаў студэнтаў да адказнасці.
«Я не ведаю, чым скончацца два выпадкі: адзін выпадак – бойка, другі – кінутая [у людзей] пры службовым выкананні петарда – яны былі з аўтаматамі. Магло адбыцца ўсё, што заўгодна», – заявіў Скрыба. – Мы ўсе хочам, каб усе вы з’ехалі з добрай рэпутацыяй».
Намеснік дэкану па працы з замежнымі навучэнцамі Алена Каляда сказала, што ні аднаму беларусу і ў галаву не прыйшло б кідаць петарды з вокнаў:
«Да гэтага маглі дадумацца толькі вы [туркмены]… Кідаць петарды [з акна] – гэта кажа аб вашых разумовых здольнасцях».
Наталля Скрыба: «Хто прыйшоў не зусім у нармальным стане, трэба разумець – дайсці да [сваёй] пакоя і легчы [спаць]». З-за некалькіх парушальнікаў уражанне складваецца аб усёй нацыі ў цэлым.
Прадстаўнікі адміністрацыі вучэльні кажуць, што не раз бывалі ў Туркменістане, мелі зносіны з рознымі людзьмі, у тым ліку і з бацькамі студэнтаў, але там назіралі зусім іншую ментальнасць.
«Які сабака вас кусае, калі вы сюды прыязджаеце?! Чаму вы мяняецеся дыяметральна процілегла?! Там вы іншыя, а тут вы… Што адбываецца? Воля? Свабода? Яшчэ нешта? Да кожнага міліцыянта ці выхавальніка не прыставіш», – дадаў Яўген Астапаў.
Паводле БДЭУ, туркменскія навучэнцы парушаюць распарадак інтэрнату не толькі падчас святаў, але і ў звычайныя дні: у пакоях, дзе пражываюць туркмены, брудна, з вокнаў на вуліцу ляцяць пакеты з-пад малака і іншае смецце.
Адміністрацыя вучэльні вымушаная сяліць студэнтаў з Туркменістану толькі разам: досвед паказаў, што яны не ўжываюцца з іншымі замежнікамі. Праблемай у 2013-м занепакоіўся нават Аляксандр Лукашэнка, які прапанаваў пабудаваць для студэнтаў з Туркменіі «выспу» з гатэлямі і інтэрнатамі.
У беларускіх ВНУ навучаецца каля 8 тысячаў студэнтаў з Туркменістану, каля 300 з іх – у БДЭУ. Беларускія вучэльні ахвотна бяруць іх, бо вучацца яны платна. У Туркменістане ж беларуская адукацыя лічыцца еўрапейскай і недарагой.
ДД; фота анонсу – Adnan Abidi/Reuters/Forum