«У нас усё ў падвешаным стане». У гомельскай школе дагэтуль не ведаюць, хто будзе дырэктарам


У школе СШ №15 Гомля дагэтуль не ведаюць, ці звольнена афіцыйна дырэктарка Марына Чарненка і хто будзе выконваць яе абавязкі.

Ні Марыны Чарненкі, ні намесніцы дырэктаркі СШ №15 Людмілы Яўсеенка на працоўных месцах няма. Сакратар у прыёмнай не змагла распавесці, ці прыйшоў афіцыйны загад аб звальненні Чарненкі і хто зараз выконвае яе абавязкі.

«У школе ніхто нічога не ведае, у нас усё ў падвешаным стане», – паведамілі belsat.eu.

Па яшчэ аднаму кантактнаму нумару, які знаходзіцца на сайце школы, нам адказала сацыяльны педагог. Пра тое, хто цяпер выконвае абавязкі дырэктара школы, яна таксама нічога не ведае. Аднак паведаміла, што Людмілу Яўсеенку сёння раніцай выклікалі ў выканкам.

На сайце школы Марына Чарненка дагэтуль пазначана, як дырэктарка

У аддзеле адукацыі Навабеліцкага раёну Гомля таксама адмовіліся распавесці, хто цяпер выконвае абавязкі дырэктара школы.

Нагадаем, 12 верасня падчас урокаў настаўніца СШ №14 Людміла Чацвярткова вылаялася на вучня чацвёртага класа, пагражаючы забіць яго партай. Пасля публікацыі відэа школу наведала камісія з аблвыканкаму, настаўніцу звольнілі.

18 верасня стала вядома, што асабістым загадам Аляксандра Лукашэнкі настаўніцу аднавілі на працы, але звольнілі дырэктарку школы. Звольнілі таксама некаторых абласных і гарадскіх чыноўнікаў Гомля. Папярэджанні ад Лукашэнкі атрымалі прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта і віцэ-прэм’ер, які курыруе галіну. Міністра адукацыі папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

Аб’ектыў
Хто, акрамя Лукашэнкі, уступіўся за настаўніцу, якая пагражала вучню?
2019.09.19 22:01

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў