У Музеі Ватыкану пакажуць беларускія іконы

Выстава беларускіх ікон «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» будзе прадстаўленая ад 18 траўня да 25 ліпеня ў Музеі Ватыкану, паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі Уладзімір Пракапцоў у час анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.

Усяго ў экспазіцыю ўвойдуць 33 іконы – праваслаўныя і каталіцкія. У асноўным гэта будуць работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музею, а таксама 3 – з Дому міласэрнасці, напісаныя сучаснымі іканапісцамі.

«Для нас будзе вельмі прыемна паказаць гэтыя ўнікальныя працы, якія, на наш погляд, цікавыя не толькі турыстам, але і спецыялістам. Мы падрыхтавалі адпаведныя інфармацыйныя бюлетэні на чатырох мовах – беларускай, расейскай, італьянскай, англійскай. Будзем іх раздаваць бясплатна наведнікам нашых выстаў», – сказаў Уладзімір Пракапцоў.

Іконы ў Музеі Ватыкану будуць размяшчацца ў шкляных вітрынах. Праз такія ўмовы, паводле слоў гендырэктара музею, давялося двойчы перафарматаваць экспазіцыю: некаторыя іконы праз свае вялікія памеры проста не маглі ўвайсці ў вітрыны. Дарэчы, у інтэрʼеры музею ў Ватыкане ёсць рымска-грэцкі іканастас. Таму беларускія іконы вельмі арганічна ўпішуцца ў агульную канцэпцыю выставачнай залы.

Пасля выставы ў Ватыкане ў верасні-кастрычніку плануецца падрыхтаваць вялікую справаздачу ў Нацыянальным мастацкім музеі: паказаць нават тыя іконы, якія не ўвайшлі ў гэту экспазіцыю. На адкрыцці выставы ў Ватыкане будзе праваслаўны хор. Плануецца выезд мітрапаліта Менска-Магілёўскага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У цэлым, паводле слоў Уладзіміра Пракапцова, гэта ўнікальны знакавы праект, які рыхтаваўся некалькі гадоў. Вялікая дапамогу ў яго рэалізацыі аказалі дыпламаты, а таксама працаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных справаў. Праект папулярызуе не толькі Нацыянальны мастацкі музей, але і краіну ў цэлым.

«Выставіцца ў Музеі Ватыкану не так проста. Увайсці ў такія прэстыжныя залы – гэта гонар для любой краіны», – падсумаваў гендырэктар.

МЯ, паводле belta.by

Hавiны