У Менску затрымалі Паўла Севярынца


Пра гэта «Белсату» паведаміла Вольга Севярынец, жонка палітыка.

26 лютага на выхадзе з дому міліцыянты затрымалі сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца.

«Павел збіраўся на акцыю падтрымання палітвязняў. Выходзячы з дому, ён размаўляў са мной па тэлефоне. Паспеў толькі сказаць, што яго затрымліваюць людзі ў цывільным на сінім бусе», – распавяла «Белсату» Вольга Севярынец.

Тры дні таму Павел Севярынец заявіў аб акцыі падтрымання Святаслава Барановіча, які падчас аднаго з «Маршаў дармаедаў» супраць Дэкрэту № 3 пачаў абараняць удзельнікаў ад невядомых. Невядомыя аказаліся міліцыянтамі. За ўжыванне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў Барановіч атрымаў тры гады калоніі. Нядаўна яго перавялі ў турму – нібыта за «парушэнні рэжыму».

«Тут сур’ёзная справа. Чалавек у поўнай ізаляцыі, можа нават ня бачыць неба прынамсі адзін год і сем месяцаў – да канца тэрміну. Святаслаў пайшоў на тры гады за кратамі, каб абараніць нас. Ці зможам мы разам падтрымаць яго?», – пісаў Севярынец.

Акцыя распачалася а 18-й на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

  • Святаславу Барановічу 33 гады.
  • З 2018 года Барановіч знаходзіцца за кратамі, у Наваполацкай калоніі.
  • 12 сакавіка 2018 года яго пакаралі 3 гадамі зняволення за «гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў». Інцыдэнт, за які пакаралі Барановіча, адбыўся яшчэ ў 2017 годзе ў Менску, калі Барановіч хацеў заступіцца за ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў», якіх затрымлівалі «людзі ў цывільным».
  • Аднаго з міліцыянтаў у цывільным – Арцёма Паўлава – і ўдарыў Барановіч. У калоніі на Барановіча аказваецца моцны ціск. Палітвязнем праваабаронцы яго не прызналі.

ДД

Стужка навінаў