У Менску затрымалі блогера, які тэлефанаваў у РАУС і пытаў, як не апынуцца ў аўтазаку

Зараз ён знаходзіцца ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. У панядзелак яго будуць судзіць за «дробнае хуліганства».

Блогера і ўдзельніка праекту obzoor.by Івана Пруса паводле інфармацыі Telegram-каналу «Отчислено» затрымалі ў пятніцу каля 17:00. Прычынаю стаўся званок у Маскоўскі РАУС, дзе ён спрабаваў даведацца: як трэба сябе паводзіць на вуліцы, каб не апынуцца ў аўтазаку. Відэазапіс размовы набрала больш за 8 тысячаў праглядаў.

«Калі коратка: не турбуйцеся, анікога анідзе ў аўтазакі не забіраюць. Так што можна расслабіцца і спаць спакойна. А міліцыя ўжо паклапацілася аб нашым спакоі», – падвёў ён вынік.

Зараз Іван знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна, а ў панядзелак яго чакае суд паводле арт. 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства).

Гэтую інфармацыю «Белсату» пацвердзілі і ўдзельнікі праекту obzoor.by.

«Так, Ваню затрымалі. Ён на Акрэсціна. Зараз шукаем яму адваката і адпраўляем тэлеграмы ў ІЧУ, каб ён не сумаваў», – паведамілі нам.

Таксама яны распавялі, што Івана затрымалі недзе ў горадзе, магчыма, за ім сачылі.

Апроч супрацы з obzoor.by, Іван Прус – піяр-менеджар прадусарскага цэнтру «Спамаш», раней ён працаваў журналістам на Бел-Рос ТБ.

Пасля брутальнага разгону чаргі да крамы Symbal.by у Менску шмат хто з беларусаў пачаў тэлефанаваць у РАУС і пытаць, як знаходзіцца на вуліцы і не быць затрыманым. Аднак Іван – першы чалавек, якога затрымалі праз гэта.

КТ belsat.eu

Hавiны