У Менску заквітнелі каштаны. Біёлаг: «Дрэвы думаюць, што прыйшла вясна»


«Тым фактам, што ў Менску квітнеюць каштаны, хіба нікога сёння не здзівіш?», – пытаецца ў «Фэйсбуку» Кацярына Ткачэнка

Кветкі раскрыліся на дрэвах на сталічным праспекце Машэрава і па абодвух баках вуліцы Арлоўскай каля Парку дружбы народаў.

Каштаны звычайна квітнеюць даволі позна ў параўнанні з іншымі пладовымі дрэвамі. Гэтая асаблівасць дазваляе дрэву пазбегнуць рызыкі замарожвання ў перыяд набракання пупышак і, адпаведна, страты арэхаў. Звычайна кветкі каштану раскрываюцца ў траўні. Красаванне доўжыцца каля 2-3 тыдня, пасля чаго на галінах з’яўляюцца невялікія арэхі зялёнага колеру. Аднак квітненне ў жніўні – анамалія.

Старэйшы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслінаў Інстытуту эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Аркадзь Скуратовіч у размове з «Белсатам» звяртае ўвагу на тое, што такія паводзіны характэрныя для гібрыдных раслінаў, завезеных у Беларусь з іншых краінаў. Конскі каштан – у Беларусі расце менавіта ён – расліна з Паўднёвае Еўропы.

«Конскі каштан, як і мноства іншых дэкаратыўных раслінаў, якія культывуюцца ў нашых парках і садах, – родам не з Беларусі. У іх слабая генетычная памяць і яны кепска рэагуюць на змены надвор’я, – адзначае спецыяліст. – Гэта год для раслінаў быў цяжкі. Спачатку была ранняя вясна, ад чаго ўсё добра заквітнела і завязалася, потым пачалася засуха, потым пайшлі дажджы і стала вельмі цёпла, а потым зноўку прыйшла засуха. Да моманту другой засухі каштаны ўжо саспелі, у іх асыпалася лісце і яны пачалі рыхтавацца да зімы. У гэты час яны заклалі пладовыя або вегетататыўныя пупышкі на наступны год. Але праз змену надвор’я, калі ізноў стала горача і пайшлі дажджы, дрэвы падумалі, што прыйшла вясна – і заквітнелі», – распавядае Аркадзь Скуратовіч.

Паводле эксперта, квітнеюць цяпер не толькі конскія каштаны, але таксама вішні, чаромха і шыпшына. Для саміх дрэваў гэта азначае, што галіны, якія распусціліся, сёлета ўжо не саспеюць, а налета не заквітнеюць.

«Тыя галіны, якія заквітнелі, на іх можна паставіць крыжык – яны загінуць. Калі вы бачыце, як на вашым участку распускаецца вішня або яблыня, пажадана гэтыя кветачкі абарваць: на квітненне расліна выдаткоўвае мноства сілаў, а яму ж яшчэ трэба зімаваць. Цяпер дрэва распусціцца, змарнуе ўсе сілы – і ўвесну будзе слабым», – дадае Аркадзь Скуратовіч.

ДД

Стужка навінаў