У Менску з электразаправак «Беларусьнафта» зрэзалі кабелі падзарадкі


Невядомыя зрэзалі чатыры з пяці электразаправачных кабеляў усталяваных на за адмысловых электрастанцыях у сталічнымі мікрараёне Уручча-2.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Беларусьнафта» актыўна пашырае інфраструктуру электразаправак, усталёўваючы іх на сваіх аўтазаправачных станцыях, на паркоўках ля некаторых гандлёвых цэнтраў, а таксама ў жылых мікрараёнах сталіцы. Такая станцыя з чатырма электразараднымі месцамі з’явілася на пачатку года на вуліцы Русіянава 13/1 на паркоўцы ля крамы «Першамайскі».

Фота: Belsat.eu

«Асаблівага попыту на запраўку няма. Ва ўсялякім выпадку мы не бачылі, каб тут быў паток аўтамабіляў на ёй. За ўвесь час можа толькі адну машыну і запрыкмецілі, што прыязджала падсілкавацца», – пракаментавалі Belsat.eu мясцовыя жыхары.

Аднак інтарэс да станцыі праявілі шукальнікі каштоўных металаў. Мяркуючы па роўнаму зрэзу, гаворка не пра вандалаў, паколькі кабелі выглядаюць на асцярожна абрэзаныя. Інфармацыя пра гэта з’явілася сёння ў суполцы «ЧС Минск» у «Ўкантакце».

Пра здарэнне ўжо ведаюць на самім прадпрыемстве «Беларусьнафта». Паводле прадстаўніка, гэта першы выпадак вандалізму ў дачыненні да элетразаправак іх прадпрыемства.

Скрыншот з суполкі «ЧС Минск»

«Мы збіраемся звяртацца ў міліцыю па гэтым здарэнні. І ў бліжэйшы час адновім станцыю для падзарадкі. Увогуле, калі ўсталёўваем станцыі, намагаемся, каб яны патраплялі ў радыус захопу камер з бліжэйшых абʼектаў», – распавёў кіраўнік групы перспектыўнага развіцця новых энергетычных тэхналогій РУП вытворчага абʼяднання «Беларусьнафта» Анатоль Катляроў.

Аднак ці ўдалося зафіксаваць на камеры відэаназірання калі дакладна і хто зрэзаў кабелі, на прадпрыемстве пакуль такой інфармацыяй не валодаюць. У Беларусі на сёння працуе 264 электразаправачныя станцыі. Найпрасцей знайсці месца для падзарадкі электракару можна дзякуючы сэрвісу www.plugshare.com.

Фота: Belsat.eu

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў