У Менску вынеслі прысуд экс-дырэктару Палацу спорту, які займаўся паборамі шэсць гадоў


Сяргей Прановіч, былы дырэктар сталічнага Палацу спорту асуджаны да 11 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне 29 сакавіка агучылі ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы.

Акрамя таго суд прыняў рашэнне аб канфіскацыі ўсёй маёмасці абвінавачанага (у тым ліку машыну Audi Q7 і капітальную пабудову ў Менскім раёне) і забароне займаць пэўныя пасады яшчэ пяць гадоў, піша TUT.BY. Прановіч павінен заплаціць штраф у памеры 300 базавых велічыняў (7650 рублёў) і яшчэ пакрыць дзяржаве суму незаконна набытай выгады на 90 тысячаў рублёў.

У суд прыйшло шмат родных Прановіч, пачуўшы прысуд, яны толькі ахнулі. Сам абвінавачваны выслухаў суддзю моўчкі, з нізка апушчанай галавой.

На пытанне журналістаў, ці будзе Прановіч абскардзіць прысуд, той кіўнуў.

Суддзя Святлана Бандарэнка таксама вынесла прыватнае вызначэнне ў адрас Міністэрства спорту і турызму: пра выяўленыя недахопы і неабходнасць прымаць меры па недапушчэнні падобных выпадкаў у сістэме ведамства.

Раней Сяргей Прановіч прызнаў віну часткова і ў апошнім слове прасіў не разлучаць яго з маленькім сынам.

«Я ўсвядоміў сваю віну і каюся ў зробленым. (…) Упэўнены, што сваёй прысутнасцю я дапамагу не толькі сям’і, але буду карысным грамадству і, можа, дзяржаве ў цэлым», – сказаў тады Сяргей Прановіч.

58-гадовага Сяргея Прановіч судзілі за атрыманне хабараў і махлярства. Расследаванне пачаў КДБ, а потым следчыя прыйшлі да высновы: шэсць гадоў мужчына займаўся паборамі – усяго 178 выпадкаў на агульную суму прыкладна 78 тысячаў рублёў.

Пракурор на працэсе тры гадзіны зачытвала, як грошы яму насілі кожны месяц: танцавальны клуб – дзеля арэнды памяшканняў пад мерапрыемствы, а яшчэ арганізатары выставаў жывёл і канцэртаў замежных выканаўцаў, прадстаўнікі найбуйнейшых выставачных кампаніяў Беларусі, нават манашкі – і просяць плошчы пад калядны фестываль.

«500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў…» – і так больш 60 разоў пералічвала старшы пракурор аддзелу пракуратуры гораду Менску Алена Крупеніна грошы толькі ад аднаго з многіх хабарадавальнікаў.

Паводле TUT.BY, падазраваныя ў дачы хабараў (парадку 20 чалавек) пазбеглі пакарання: за дапамогу і супрацоўніцтва са следствам.

Год таму, калі выявілася справу, абураўся і Аляксандр Лукашэнка.

«Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся. Не веру, што міністр пра гэта не ведаў», – абураўся Лукашэнка.

І неўзабаве міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко пазбавілі пасады.

Аб’ектыў
Чыноўнік браў хабар свечкамі ды абразамі
2019.01.25 21:03

СК belsat.eu

Стужка навінаў