У Менску ў выходныя спешна высякаюць гай. На яго месцы паўстане паркоўка


Пра знішчэнне зялёнай зоны ў беларускай сталіцы паведаміў блогер і актывіст Антон Матолька.

Інфармацыю пра вырубку Антону Матолька даслалі ў Telegram.

«У тэрміновым парадку ў выходны дзень выразаюць гай на вуліцы Францыска Скарыны, 1. Абнеслі плотам, аб’яваў/пашпарту на плоце нідзе няма. Сякуць і адразу ж праз спецмашыну здрабняюць усё ў трэску. Навошта такая спешка?»

У яшчэ адным паведамленні хлопец піша, што «знаёмы здымае кватэру ў раёне «Маяк Менску», распавёў, што ў іх ёсць суседскі чат агульны, там ужо даўно абмяркоўвалі гэты кавалак зямлі, прычым большасць жыхароў была супраць гэтага паркінгу».



У каментарах на Facebook чытачы блогера пішуць, што высякалі дрэвы нават у Радаўніцу.

Чырвоным пазначана месца, дзе вядуць вырубку

Відавочца Павел паведаміў belsat.eu, што на месцы лесу пабудуюць паркінг кампаніі «Dana Holdings».

«Я праязджаў побач. Там вельмі шмат бульдозераў ды іншай тэхнікі. Карані выкопваюць і адразу ў трэскі. Там быў мужчына з тапаграфічнымі мапамі. Ён сказаў, што ўсе дакументы ёсць, што ўчора была міліцыя, ім усё паказалі. Яшчэ ён дадаў, што меліся зрабіць гэта ўзімку, пакуль ніхто не бачыць, але спачатку жыхары прасілі дзіцячы сад. У выніку яго пабудуць каля дому, а праз дарогу паркінг будзе», – распавёў Павел.

Павел дадае, што ў раёне амаль не засталося зялёнай зоны. Агулам тут плануюць пабудаваць чатыры дзіцячыя садкі.

«Навошта ім столькі? На іншым баку акрамя садкоў яшчэ хочуць пабудаваць рэзідэнцыю амбасадара Азербайджану, але ідуць абмеркаванні».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў