У Менску пратэставалі супраць вучэнняў «Захад-2017». Стрым


У Менску пратэстуюць супраць вучэнняў «Захад-2017»

Opublikowany przez Белсат TV Piątek, 7 lipca 2017

Апазіцыя правяла 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы пікет, падчас якой актывісты запатрабавалі вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама выказалі пратэст супраць вучэнняў «Захад-2017». 

18.44. Максім Вінярскі паабяцаў, што наступная акцыя супраць вучэнняў  «Захад-2017» мусіць адбыцца 8 верасня.

18.43. Частка актывістаў ужо пакінула плошчу. Трэба адзначыць, што Мікалай Статкевіч ў акцыі не ўдзельнічаў, хаця ўчора БНК выступіў у падтрымку правядзення пікету.

18.37. Максім Вінярскі падзякаваў актывістам і абʼявіў аб завяршэнні акцыі. Удзельнікі пікету скандуюць «Жыве Беларусь».

18.24. Актывістка Вольга Нікалайчык выступіла з прамовай, у якой назвала прозвішча 8 чалавек, якіх прадстаўнікі грамадскасці лічаць палітычным зняволенымі.

18.10. На плошчы ўжо каля двух дзясяткаў чалавек. Актывісты трымаюць плакаты «Свабоду палітвязням», «Русский солдат – иди домой», а таксама фота палітвязняў. На плошчы – бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі «Еўрапейскай Беларусі».

18.00. На Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 10 чалавек. Ініцыятар пікету Максім Вінярскі ў мегафона скандуе «Свабоду палітвязням!».

З ідэяй правесці акцыю на Кастрычніцкай плошчы 7 ліпеня першапачаткова выступіў Максім Вінярскі. Пазней да гэтай ініцыятывы далучыўся Беларускі нацыянальны кангрэс, які ўзначальвае Мікалай Статкевіч.

«Мы таксама выказваемся супраць масавай прысутнасці ў краіне замежных вайскоўцаў на вучэннях у верасні. Мы лічым, што яны пагражаюць незалежнасці Беларусі і могуць уцягнуць нашу краіну ва ўзброеныя канфлікты. Рада БНК заклікае патрыётаў скарыстацца ўсімі магчымасцямі, якія стварае ў гэтыя дні сесія Парламенцкай асамблеі АБСЭ, каб галосна заявіць пра сваю пазіцыю», – адзначалася ў заяве БНК.

Сумесныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» мусяць прайсці з 14 па 20 верасня на тэрыторыі Беларусі. Паводле Мінабароны Беларусі, агулам у вучэннях прымуць удзел не больш за 13 тысяч вайскоўцаў. Ад Расеі чакаецца ўдзел 3 тысяч салдат і 280 адзінак баявой тэхнікі. Між тым, некаторыя аналітыкі лічаць, што колькасць расейскіх войскаў падчас вучэнняў будзе значна большая, чым паведамляецца афіцыйна, і яны могуць застацца на тэрыторыі Беларусі па завяршэнню манеўраў.

Стужка навінаў