У Менску паказалі фільм палітвязня Алега Сянцова, асуджанага ў Расеі на 20 гадоў


У гадавіну анексіі Крыма па ўсім свеце прайшлі чытанні ды іншыя акцыі ў падтрыманне палітычных зняволеных, якія адбываюць тэрміны ў Расеі.

26 лютага Беларускі ПЭН-цэнтр разам з Культурным цэнтрам «Корпус» і ініцыятывай «РосУзник» зарганізаваў у Менску сустрэчу, прысвечаную ўкраінскаму кінарэжысёру, сцэнарысту і пісьменніку Алегу Сянцову, якога асудзілі ў Расеі да 20 гадоў зняволення.

Расейскія ўлады інкрымінуюць рэжысёру здзяйсненне і падрыхтоўку тэрактаў. Сянцоў сваю віну не прызнаў і заявіў аб катаваннях у турме, назваўшы сваю справу сфабрыкаванай. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сянцова палітвязнем і ініцыявала бестэрміновую акцыю ў яго падтрымку. Арышт Сянцова выклікаў абурэнне ў палітыкаў, дзеячоў культуры, праваабаронцаў па ўсім свеце.

Сустрэча адбылася ў Дзень супраціву расейскай агрэсіі ў Крыме.

Культуролаг Максім Жбанкоў прачытаў лекцыю пра ўкраінскі кінематограф і месца Сянцова ў ім. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Пазней прысутныя паглядзелі фільм Сянцова «Гамэр». Каб яго зняць, рэжысёр калісьці прадаў машыну і камп’ютарны клуб.

«Гэта першая і апошняя на гэты момант паўнавартасная гатовая стужка. Сёння, на жаль, мы знаёмімся са страчаным аўтарам. Яго фільм – пасланне ўсяму чалавецтву», – прадставіў фільм Максім Жбанкоў.

Кожны ахвотны мог набыць такую кашулю. Грошы ад продажу арганізатары абяцалі перадаць сям’і палітзняволеннага. Фота – Ірына Арахоўская

Арганізатары падрыхтавалі паштоўкі, каб кожны жадаючы мог напісаць зняволенаму рэжысёру:

«Лісты важныя, бо ў зняволенні нічога не адбываецца, няма эмоцыяў. Нават каляровымі алоўкамі забаронена карыстацца».

Яна Ганчарова – каардынатар праекту «РосУзнік» і праваабаронца ў «Human constanta» у Беларусі – вядзе перапіску з Алегам Сянцовым з дня яго арышту.

«Я пачала яму пісаць і вельмі праніклася нязломнасцю яго духу, – кажа Ганчарова. – Цяпер Алег знаходзіцца на Ямале, як крымчанін ён цяжка пераносіць клімат. Алега на волі чакаюць двое дзяцей, сястра і старэнькая маці».

Лісты можна пісаць па адрасе: ФКУ ВК-8, 629400, Ямало-Ненецкий автономный округ, г. Лабытнанги, ул. Северная, 33, Сенцову Олегу Геннадьевичу. Фота –Ірына Арахоўская/Белсат

Ганчарова заклікае пісаць «пра што заўгодна: апісваць падрабязнасці тое, што вакол вас, пісаць пра сябе».

«Гэта афарбуе турэмную руціну», – кажа Яна.

ІА, ДД

Стужка навінаў