У другой палове ліпеня ў Менску пачалі з’яўляцца «Табакеркі» – на дадзены момант усталяваныя ўжо некалькі ў розных раёнах сталіцы. Дызайн менскіх «Табакерак» адрозніваецца ад дызайну гэтых кіёскаў у іншых гарадах Беларусі.
Сетка кіёскаў па продажы тытунёвых вырабаў належыць кампаніі «ЭнэргаОйл», падкантрольная алігарху Аляксею Алексіну. Таксама ягоная кампанія другая пасля дзяржаўнага «Беларусьторгу» атрымала права на імпарт цыгарэт у краіну. Як раней паведамлялася ў СМІ, дзеля рэалізацыі тавараў «ЭнэргаОйл» мае намер усталяваць агулам 2500 «Табакерак», пры гэтым 500 з іх – у Менску.
Такая сітуацыя абурыла, у першую чаргу, індывідуальных прадпрымальнікаў. Кіраўнік грамадскага абʼяднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка звярнуў увагу на тое, што ўлады пачалі змагацца з вулічнымі кіёскамі «іпэшнікаў» яшчэ 15 гадоў таму, спасылаючыся на «састарэлую форму гандлю» і «засмечванне гораду». Цяпер жа на рынак выходзіць сетка «Табакерак».
30 ліпеня Шумчанка з паплечнікамі накіравалі звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Менгарвыканкам з просьбай дазволіць прадпрымальнікам таксама ўсталёўваць свае кіёскі.
У звароце прадпрымальнікі апелююць да Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам «роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцяў і маёмасці для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці».
«Спадзяемся на безумоўнае выкананне палажэнняў Канстытуцыі і дазвол для ўсіх, а не абраных алігархаў – вараціл буйнога бізнесу, права працаваць у дробнарознічным гандлі фармату кіёскаў у горадзе Менску», – гаворыцца ў дакуменце.
Пакуль што ніякай рэакцыі дзяржаўных структураў «Перспектыва» не атрымала.
КА belsat.eu