У Менску пачала працу пацыфісцкая выстава пра Першую сусветную вайну


Доўгі час у Беларусі гісторыя Першай сусветнай вайны і памяць пра яе былі ўсяго толькі фонам для аповеду пра падзеі Кастрычніка 1917 года або прадмоваю да больш значнай гісторыі Другой сусветнай вайны. Выстава «100 гадоў пасля Вялікай вайны: спадчына і памяць пра Першую сусветную вайну (1914–1918 гг.) у Беларусі і Еўропе», якая адкрылася ў галерэі «Ў», прапаноўвае паглядзець на гісторыю «Вялікай вайны» не як на аналіз баявых дзеянняў, а з пункту гледжання сацыяльнай культуры таго часу.

Фрагмент экспазіцыі

Арганізатары паспрабавалі знайсці сваю нішу ў рэпрэзентацыі архіўнага матэрыялу. У выставе паказаны паралелі, якія злучаюць падзеі «Вялікай вайны» з сённяшнім днём. Пра гэта Belsat.eu распавёў гісторык, выкладчык ECLAB, удзельнік працоўнай групы праекту «100 гадоў пасля Вялікай вайны» Аляксей Братачкін.

Гісторык Аляксей Братачкін

Знізіўся кошт чалавечага жыцця

– Гэта час, калі гвалт выйшаў за межы лініі фронту. Была разбурана мяжа паміж грамадзянскім насельніцтвам і вайскоўцамі. Гэтая бруталізацыя грамадства мела вялікія наступствы, стаўшы часткай усіх рэвалюцыйных выступленняў, і прадвызначае наступныя падзеі ХХ стагоддзя. Вялікая колькасць людзей была ўзброеная і людзі ўжывалі навыкі валодання зброяй за межамі фронту. Гэта момант, калі зніжаецца цана чалавечага жыцця, – кажа Аляксей Братачкін.

Фрагмент экспазіцыі

Змяніліся суадносіны паміж мужчынскімі і жаночымі прафесіямі

– Ёсць такі агульны мем, што вайна спрыяла эмансіпацыі. Аднак на выставе мы спрабуем паказаць, наколькі складаным быў гэты працэс. Лічылася, што жанчыны вернуцца да сваіх абавязкаў, калі вайна скончыцца, але гэтага не адбылося. Змяніліся суадносіны паміж мужчынскімі і жаночымі прафесіямі. Жаночая занятасць стала ацэньвацца не ў рамках карысці ўнутры сям’і, а стала разглядацца, як тое, што карысна для грамадства, – кажа Аляксей Братачкін.

Фрагмент экспазіцыі

Гісторык адзначыў, што яго асабіста зацікавіла праца з тэмай памяці пра вайну. Ён спрабаваў паказаць, якія акцэнты падавалі ў кіно, літаратуры, мастацтве ў розныя часы. Як вайна паступова перастае быць гераічнай. Ці як яна апісвалася ў прапагандзе таго часу. Напрыклад, у Расейскай імперыі подзвігі салдат апісваліся нібы подзвігі былінных волатаў.

Выстава «100 гадоў пасля Вялікай вайны: спадчына і памяць пра Першую сусветную вайну (1914 -1918 гг.) у Беларусі і Еўропе»

– Сёння трагедыя вайны, усё роўна падаецца ў гераічным кантэксце. Але паступова змяняецца на больш пацыфісцкае ўспрыманне падзей вайны. На аналіз: чаму ўвогуле спачатку здарылася Першая, а потым Другая сусветная вайна?

Фрагмент экспазіцыі

Ад імперыі да нацыянальнай дзяржавы

– Вельмі важным уплывам вайны, ёсць момант, калі спосаб арганізацыі гіганцкіх імперыяў змяніўся на нацыянальны прынцып. З аднаго боку гэта быў момант вызвалення. З іншага боку, гэта стала палітычнай практыкай, і прывяло да праблемаў этнічнага толку, ксенафобіі і правядзенню межаў спецыфічным вобразам. Гэта такая траўма нараджэння нацый, так як у моманце іх нараджэння палягаў гвалт, – кажа Аляксей Братачкін.

Выстава зʼяўляецца вынікам супрацы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Менску і Цэнтра публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжа Liberal Arts ў Беларусі. Мэта праекту – злучэнне мінулага і сучаснасці, крытычнае разгляд падзей гісторыі пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі і за яе межамі.

Фрагмент экспазіцыі

Выстава будзе працаваць 4-12 снежня з 12:00 да 21:00. Уваход вольны. Падчас выставы таксама пройдзе пяць лекцый. За раскладам можна сачыць тут.

ЛП, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў