У Менску п'яны кіроўца аўтобуса з Літвы ездзіў па роварнай дарожцы


У Менску працаўнікі ДАІ затрымалі 63-гадовага грамадзяніна Літвы, які кіраваў аўтобусам у стане алкагольнага апʼянення. Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму.

«13 жніўня прыблізна 20 гадзінаў 45 хвілінаў 63-гадовы кіроўца, кіруючы пасажырскім аўтобусам, які рухаўся па вул. Якубава ў напрамку вул. Ванеева, з’ехаў з праезнай часткі, выехаўшы на роварную дарожку, па якой працягнуў рух. Праехаўшы некаторую адлегласць, мужчына спыніў транспартны сродак і заснуў. Праз некаторы час на лінію 102 ГУУС Менгарвыканкама патэлефанавалі відавочцы і паведамілі пра здарэнне», – паведамілі ў міліцыі.

Праваахоўнікі, што выехалі на выклік, разбудзілі кіроўцу. Медычны агляд пацвердзіў стан алкагольнага апʼянення: канцэнтрацыя пароў алкаголю склала 1,49 праміле.

Аўтобус на веладарожцы. Фота – minsk.mvd.gov.by

У ГУУС адзначылі, што кіроўца працуе ў літоўскай кампаніі, якая ажыццяўляе міжнародныя перавозкі пасажыраў, зʼяўляецца грамадзянінам Літвы. На мужчыну склалі тры пратакола аб адміністратыўных правапарушэннях.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў