У Беларусі 9 траўня зноў з’явіліся паведамленні пра мінаванне важных аб’ектаў. Гэта паведаміла ў сваім Тэлеграм-канале прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Паведамленні аб небяспецы паступілі ў міліцыю ў 12:10.
«На гэты раз былі «замінаваныя» два сталічныя гандлёвыя аб’екты «Галілеа» і «Сталіца», а таксама два чыгуначныя вакзалы ў Менску і Віцебску», – заявіла Чамаданава.
Паводле яе, сапёрна-піратэхнічныя групы абследавалі вакзалы і гандлёвыя цэнтры, але небяспечных прадметаў не выявілі.
Прэс-сакратарка МУС адзначыла, што паведамленні пра мінаванне былі падобныя да тых, што паступалі раней.
Гэта не першы раз, калі ў Менску эвакуююць гандлёвыя цэнтры, вакзалы, аэрапорт. Кожны раз паведамленні пра мінаванне прыходзяць на электронную пошту. Дагэтуль праваахоўныя органы не знайшлі, хто рассылае такія паведамленні.
МГ belsat.eu