У Менску актывісты пратэставалі супраць інтэграцыі з Расеяй. Іх жорстка затрымала міліцыя


Актывісты «Народнай грамады» у дзень адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Менску выйшлі на пікет супраць інтэграцыі з Расеяй. Як мінімум трое чалавек былі затрыманыя.

Відэа пікету апублікавала ў фэйсбуку Марына Адамовіч.

У фан-зоне Еўрагульняў ля Палацу спорту на Нямізе пікетоўцы трымалі плакаты з надпісам «Да пабачэння, наш ласкавы міша», «Пуцін, мы не адзін народ», «Адстаньце ад нас сваёй інтэграцыяй». Вядома, што гэтымі днямі з афіцыйным візітам у Менску знаходзіцца прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў. У яго запланаваная сустрэча з беларускім прэмʼерам Сяргеем Румасам.

Як патлумачыў у каментары Belsat.eu Мікола Статкевіч, літаральна праз некалькі хвілін да актывістаў падбегла «чалавек 15 у цывільным». Затрыманне адбывалася брутальна і са збіццём, сцвярджае палітык. Міліцыянты выбілі тэлефон з рук у аднаго з удзельнікаў.

Паводле словаў Статкевіча, цяпер як мінімум трое чалавек знаходзяцца ў пастарунку. Гэта Валянцін Троцкі, Рыгор Пагарцаў і Сяргей Спарыш, сувязі з імі няма.

«Адбываецца ганебная сітуацыя: суседняя краіна гандлюецца з незаконным урадам Беларусі наконт умоў паглынання Беларусі. І ўсё гэта праходзіць на фоне нейкага свята, нейкіх гульняў. Народ ніякім чынам не рэагуе. Фактычна, гэта перамовы наконт умоваў анексіі. Мы ўсе разумеем, што такое «інтэграцыя», – патлумачыў Статкевіч нагоду гэтага пратэсту.

КА belsat.eu

Стужка навінаў