7 лістапада ў Менску адкрыюць чарговы помнік Уладзіміру Леніну – паводле «просьбы камуністаў».
На самой справе, новы Ленін – гэта пачышчаны і перафарбаваны стары Ленін, які стаяў раней ва ўнутраным двары заводу. «Помнік часта перафарбоўвалі: то ў шэры, то ў зялёны, і цяпер мы яго чысцім, робім новы пастамент», – распавёў Андрэй Сусленка, намеснік гендырэктара МТЗ па ідэалогіі, кадрах і сацыяльным развіцці.
Сусленка ўдакладніў, што кіраўніцтва заводу прыняло пастанову выставіць помнік за тэрыторыю заводу пасля зваротаў «ветэранаў і камуністаў».
Напярэдадні ўсталявання помніка завадская газета «Беларус-МТЗ» правяла апытанне сярод рабочых пра стаўленне да помніка. Згодна з выданнем, усе апытаныя падтрымалі ініцыятыву.
«Помнік – гэта памяць пра былыя часы, пра гісторыю заводу і нашую маладосць. Яго проста немагчыма адсюль прыбраць, бо разам з тым мы знішчым нашу гісторыю», – сказала працаўніца Наталля.
Невядома, ці былі крытычныя каментары, але ў друк яны не патрапілі.