У Менску судзяць актывістаў за акцыі ў падтрыманне незалежнасці


У судзе Маскоўскага раёну Менску раніцай 8 студзеня разглядалі адміністратыўныя справы супраць актывістаў, якія бралі ўдзел у пратэстах супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй.

Алана Гебрэмарыям.
Фота: Belsat.eu

Сярод тых, каго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 20 снежня (ч. 1 арт. 23.34 КаАП) – актывістка «Моладзевага блоку», экс-кандыдатка ў дэпутаты Алана Гебрэмарыям. Сведкі-міліцыянты ў суд не з’явіліся. На пачатку паседжання Алана запатрабавала ў суддзі Таццяны Мотыль, каб ёй дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Суддзя хадайніцтва задаволіла.

Паводле Аланы, у матэрыялах яна пабачыла тыя ж дакументы, якія ёй даслалі раней па пошце: пратакол аб правапарушэнні, міліцэйскі рапарт і інш. Таксама да іх далучаныя раздрукоўкі фотаздымкаў медыяў з акцыі.

Алана заявіла, што сумняваецца ў справядлівасці суду і запатрабавала адводу суддзі Мотыль, аднак тая хадайніцтва не задаволіла.

Гебрэмарыям адзначыла, што 30 снежня атрымала пратакол без подпісу міліцыянта, які яго склаў і без даты. З гэтай нагоды яна ўжо накіравала скаргу ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну і сёння папрасіла суд далучыць яе да матэрыялаў справы. Актывістка патрабуе, каб пратакол вярнулі ў РАУС на дапрацоўку, а таксама апыталі сведкаў.

Суды над актывістамі.
Фота: Belsat.eu

«У пратаколе пазначана, што я знаходзілася на Кастрычніцкай плошчы а 18:00, але ў той час мяне не было і ёсць сведкі, якія могуць гэта пацвердзіць. Акрамя таго, у матэрыялах справы ёсць фота, якія не сведчаць пра мой удзел у мітынгу на плошчы», – адзначыла яна.

Алана сцвярджае, што прысутнічала толькі падчас шэсця, але гэта «не даказвае актыўнага ўдзелу»: «Я магла проста ісці побач і павітаць сяброў».

Паводле яе, прыкладна а 18:20 яна выйшла з метро «Кастрычніцкая» і сустрэлася з сяброўкай Лізаветай Пракопчык, разам з ёй зайшла ва ўніверсам «Цэнтральны», а пасля накіравалася ў бок плошчы Незалежнасці.

Да 15:00 у судзе быў адвешчаны перапынак.

Пасля перапынку, дзеля ўстаранення недахопаў, пратакол накіравалі на дапрацоўку ў РАУС.

«Мы чакалі, што пратакол вярнуць, бо мы ўсё абгрунтавалі. І ў пратаколе насамрэч пазначаны час і месца, дзе я не была. Думаю, суд перанясуць і проста дадуць штраф. Вырашылі ўсё зрабіць умоўна па справядлівасці», – сказала Алана Гебрэмарыям.

Тым часам актывіста кампаніі Legalize Belarus Міхася Варанцова ў тым жа судзе Маскоўскага раёну суддзя Лідзія Цяліца пакарала штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў). Міхась хадайнічаў аб вядзенні паседжання на беларускай мове, аднак суддзя не пагадзілася.

Працяг судоў за акцыі ў падтрымку незалежнасці чакаецца 9 і 10 студзеня. Заўтра, 9 студзеня, адразу ў пяці судах будуць разглядаць адміністратыўныя справы па арт. 23.34 КаАП супраць больш чым 25 асобаў.

Суды над актывістамі.
Фота: Belsat.eu

***

Вулічныя акцыі пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй праходзілі ў Менску 7, 8, 20, 21 і 29 снежня. Самая масавая з іх, паводле дадзеных назіральнікаў, сабрала 1600 удзельнікаў. Адзін з ініцыятараў пратэсту, сустаршыня БХД Павел Севярынец, у дадзены момант адбывае 15 сутак арышту. У перыяд з 8 па 10 студзеня чакаюцца суды як мінімум над 50 актывістамі не толькі ў Менску, але і ў Віцебску, Пінску і Лідзе.

8 студзеня суд Маскоўскага раёну Менску пакараў буйнымі штрафамі і іншых актывістаў:

  • Алену Талстую з «Еўрапейскай Беларусі» – на 50 базавых велічынь або 1350 рублёў;
  • анархістаў Марыну і Вячаслава Касінеравых – на 30 базавых велічынь або 810 рублёў кожнаму;
  • Сяргея Антончыка – на 30 базавых (810 рублёў);
  • Віктара Савіча – на 25 базавых (675 рублёў);
  • сябра саюзу беларускіх пісьменнікаў Мікалай Трафімчук атрымаў 20 базавых велічынь (540 рублёў) штрафу;
  • Святар Леанід Акаловіч – 30 базавых (810 рублёў).

КА Belsat.eu

Стужка навінаў