У менскім аэрапорце затрымалі буйнога махляра з Гомля

У Нацыянальным аэрапорце Менску 18 снежня затрымалі 27-гадовага жыхара Гомля, якога падазраюць у махлярстве на суму амаль у $ 50 тысяч. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.

«Мужчына планаваў паляцець у Ерэван, але не прайшоў рэгістрацыю, бо знаходзіўся ў вышуку па падазрэнні ў асабліва буйным махлярстве», – адзначаюць у міліцыі.

У МУС паведамляюць, што з патэнцыяльнымі крэдыторамі ён знаёміўся на інтэрнэт-форумах: прадстаўляўся паспяховым бізнесоўцам і прапаноўваў супрацу. Жыхар Гомля абяцаў вярнуць валюту і працэнты з прыбытку, які нібыта планаваў атрымаць у бізнесе. У адным выпадку – ад паставак шкляной прадукцыі ў Расею, у іншым – ад здзелак на крыптарынку.

«Пацярпелыя – 30-гадовы мянчук і 29-гадовы мазыранін – пазычылі яму $ 48,5 тысяч. З іх словаў, укласціся «у справу» іх заахвоціла жаданне лёгка зарабіць, а фатаграфіі падазраванага з сацсеткі (дарагія курорты, аксесуары, адзенне, рэчы і г.д.) пераконвалі ў ягоным прыстойным статусе. У выніку мужчыны апынуліся ахвярамі няхітрай афёры, а іх грошы фігурант выдаткаваў на турпаездкі», – адзначаюць у МУС.

Фота – t.me/pressmvd

Калі прыйшоў час плаціць, 27-гадовы жыхар Гомля, папрасіў адтэрміноўку і дадатковую пазыку. Каб супакоіць крэдытораў ён нават вярнуў ім па $ 5 тыс. Аднак у выніку пацярпелыя ўсё-ткі звярнуліся ў праваахоўныя органы. Была распачатая крымінальная справа.

«Даведаўшыся пра гэта, падазроны вырашыў схавацца за мяжой, але быў затрымаў і змешчаны ў ІЧУ», – канстатуюць у міліцыі.

У МУС не выключаюць, што затрыманы мае дачыненне і да іншых аналагічных злачынстваў.

«Магчыма, адбыўся зліў базы звестак». Эксперт тлумачыць прычыну буму крадзяжоў з картак

ІІ belsat.eu

Hавiны