«У Менск я вярнуся мацнейшай». Аляксандра Чычыкава – Міс свету-2017 сярод вазочніцаў


У конкурсе «Міс свету-2017 на інвалідным вазку» перамагла беларуска Аляксандра Чычыкава. Дзяніс Дзюба першым пагаварыў з дзяўчынай адразу пасля ўзнагароджання ў Варшаве.

Што было складаней – вырашыцца ўдзельнічаць або ўдзельнічаць?

Вырашыцца мне было не цяжка. Гэта было спантаннае рашэнне, але ўжо ў аэрапорце я зразумела, што гэта будзе складана, але адначасова – што я хачу гэта вытрымаць і атрымаць досвед.

Самым складаным было сесці ў самалёт. Я разумела, што не вярнуся дадому такой, якой была раней.

Як атрымалася, што ў конкурсе ўдзельнічалі адразу дзве беларускі? (Другой удзельніцай ад нашай краіны была Ангеліна Ўэльская. – Заўв. «Белсат».)

Я не ведаю паводле якіх крытэраў абіралі дзяўчат, гэтае пытанне лепш задаць журы. Але я радая, што адразу дзве дзяўчыны з Беларусі ўзялі ўдзел у такім цудоўным конкурсе.

Ты спадзявалася на перамогу? Можа быць, ведала пра яе?

Не – зусім. Калі я была на сцэне, і называлі імя пераможцы, я думала, што ёй можа быць кожная дзяўчына. Калі я пачула сваё прозвішча і імя, я пачала плакаць: не магла паверыць, што гэта – я.

Я прыкладу ўсе намаганні, каб наступны конкурс быў у Менску

Ва ўсіх членаў журы былі зусім розныя крытэрыі, па якіх яны прысуджалі балы. Што ты маеш такога асаблівага, што журы абрала цябе?

Гэтае пытанне лепш задаць журы. Але калі ацэньваць саму сябе, то магу сказаць, што я вельмі адкрытая і эмацыйная. Думаю, што журы гэта заўважыла, і ацэньвала таксама па гэтым крытэры.

Наступны конкурс будзе ў Менску?

Я прыкладу ўсе намаганні, каб правесці гэты конкурс у Менску налета.

Што зменіцца ў тваім жыцці зараз?

Я верыла, што вярнуся ў Менск не такой як раней. Я здабыла тут больш моцы, унутранай стойкасці і, у нейкай ступені, веры ў самую сябе – у тое, што я магу пераадольваць розныя цяжкасці і стрэсавыя сітуацыі. Я вярнуся мацнейшай, лепшай. Вярнуся больш шчаслівай.

Што важнага ты ўзяла ад дзяўчат-удзельніц?

Мне спадабалася пазіцыя дзяўчыны з Канады. Размаўляючы з ёй я зараджалася эмоцыяй радасці і гэткага двіжу. У кожнай дзяўчыны я ўзяла нешта асаблівае.

Гутарыў Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў