У Маскве за пікеты ў падтрымку калегі затрымалі дзясятак журналістаў. Фотарэпартаж


У Маскве прайшлі пікеты на знак пратэсту супраць затрымання журналіста-расследавальніка Івана Галунова, якога сілавікі вінавацяць у збыце наркотыкаў. Пікетоўцаў, вядомых журналістаў, затрымала паліцыя. Праз некаторы час іх адпусцілі.

Першым да будынку МУС Расеі прыйшоў спецыяльны карэспандэнт «Новай газеты» Ілля Азар. Да яго далучыўся яшчэ адзін вядомы журналіст гэтага выдання – Павел Каныгін, а таксама публіцыст Віктар Шандаровіч.

Ілля Азар на пікеце 7 чэрвеня 2019 года. Масква. Фота belsat.eu
Віктар Шандаровіч на пікеце. Фота belsat.eu
Затрыманне Паўла Каныгіна. Фота belsat.eu

Азар і Каныгін трымалі ў руках плакат з надпісам:

«Журналіст Іван Галуноў расследаваў карупцыю ў мэрыі Масквы і іншых органах улады. 6 чэрвеня яму падкінулі наркотыкі, пасля чаго затрымалі. Патрабую вызваліць Галунова!».

Паліцыянты завялі Каныгіна ў свой аўтобус.

Пазней стала вядома, што затрымліваюць і астатніх удзельнікаў акцыі. Журналісты, якія падыходзілі да месца пікетавання, апынуліся ў аўтазаку. Паліцыя прапанавала ім нібыта праверыць дакументы, але потым павезла ў пастарунак.

Аляксандр Паліванаў на пікеце. Фота belsat.eu

Акрамя Азара, Каныгіна і Шандаровіча, сярод затрыманых, паводле MeduzaАндрэй Барзенка, Аляксандр Паліванаў, Вікторыя Іўлева, Ільдар Садрэеў, Аляксандр Уржанаў, Грыгорый Туманаў. Карэспандэнт belsat.eu з месца падзеі перадае, што быў затрыманы і потым адпушчаны Аляксандр Рыклін.

Затрыманні журналістаў у Маскве. Фота belsat.eu
Паліцыя Масквы разганяе пікетоўцаў. Фота belsat.eu

Як паведамляе наш карэспандэнт у Маскве, журналісты, якія выходзяць, каб праявіць салідарнасць з Галуновым, усведамляюць, што будуць затрыманыя паліцыяй.

«Мы бачым, што супраць Галунова апалчыліся вельмі ўплывовыя людзі. Якія будуць настойваць на ягоным арышце, нягледзячы на шуміху. Таму мы хочам паказаць, што трэба падняць яшчэ большы грамадскі ціск, націснуць на ўлады, каб яны прызналі ўсе гэтыя абвінавачванні дзікімі і ілжывымі», – сказаў belsat.eu Руслан Лявіеў, расследавальнік з суполкі Conflict Intelligence Team, які таксама прыйшоў на пікет.

Руслан Лявіеў, фота belsat.eu
Затрыманні журналістаў у Маскве. Фота belsat.eu

Па стане на 18.00 да 15 пікетоўцаў былі затрыманыя. Паліцыя прымушае ўдзельнікаў акцыі разыйсціся, але тыя застаюцца на месцы.

Журналісты выстраіліся ў чаргу, каб пастаяць у пікеце. Акцыя, якая першапачаткова анансавалася як адзіночная, расце з кожнай гадзінай.

Праз некалькі гадзін усіх журналістаў адпусцілі з пастарункаў без складання пратаколаў.

Акрамя Масквы, пікеты салідарнасці з Галуновым прайшлі ў Санкт-Пецярбургу, Навасібірску, Краснаярску, Уладзівастоку ды іншых гарадах Расеі.

Удзельніца пікету ў Навасібірску, фота belsat.eu

 

Hавiны
У Маскве затрымалі журналіста «Медузы». Ён кажа, што яму падкінулі наркотыкі
2019.06.07 11:22

КА belsat.eu

Стужка навінаў