«Я пажартаваў, што надакучылі адзін аднаму». Пачалася сустрэча Лукашэнкі і Пуціна


У Маскве пачаліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Расейскі прэзідэнт з самага пачатку прапанаваў абмеркаваць планы па будаўніцтву Саюзнай дзяржавы Беларусі і РФ.

Напачатку сустрэчы Лукашэнка падзякаваў за запрашэнне ў напярэдадні Новага года.

«Я пажартаваў, што надакучылі адзін аднаму. Напэўна, ніколі адзін аднаму надакучыць не зможам, таму што ёсць пытанні, якія трэба абмяркоўваць. Гэта нашая праца. Сапраўды, мы ў мінулы раз дамовіліся, што сур’ёзна пагаворым аб далейшым нашым суіснаванні ў гэтым цяжкім тленным свеце. Нікуды ад гэтага не сысці і не дзецца, таму што многія праблемы трэба вырашаць на перспектыву», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Ён дадаў, што пасля сустрэчы 25 снежня бакі працавалі над пытаннямі, якія датычацца стварэння двухбаковай групы і тых тэмаў, якія неабходна разгледзець, каб яны не стаялі перашкодай на шляху інтэграцыі.

«Мы такую ​​групу так жа, як і вы, сфармавалі. Паступілі такім жа чынам, як і вы, па складзе і кіраўніцтву групы. Думаю, што пасля калядных святаў мы гатовыя, як і расейцы, працаваць. Тым больш пытанні ўсё прапісаныя ў саюзным дамове, і мы пералічвалі іх у мінулы раз. Добра, што мы нарэшце падышлі да вырашэння гэтых пытанняў», – сказаў Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што гэта ўжо другая сустрэча з Лукашэнкам за апошні тыдзень.

«Як мы і дамаўляліся, мы ствараем працоўную групу па далейшаму развіццю нашых сувязяў у сферы эканомікі, па іншых напрамках. І па вашай прапанове папрацуем над кірункам развіцця нашых планаў у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Прапаную сёння як раз пагаварыць на гэтую тэму, – сказаў ён. – Зверыць гадзіннікі з нагоды таго, як працягваецца праца па тых напрамках, па якіх мы дамовіліся актывізаваць працу на мінулай сустрэчы».

У мінулы раз Пуцін і Лукашэнка сустракаліся 25 снежня.

Hавiны
Перамовы Лукашэнкі і Пуціна скончыліся. Хто каго «нахіліў»?
2018.12.25 18:39

Падчас снежаньскіх перамоваў Лукашэнка спрабуе дамагчыся ад Расеі кампенсацыі стратаў беларускага бюджэту за так званы падатковы манеўр і дамовіцца аб зніжэнні цэнаў на газ пачынаючы з 2020 году. Крэмль гатовы пайсці на гэта толькі пры ўмове «глыбокай інтэграцыі».

  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзвездзева – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў