«Мяне кінулі ў мікрааўтобус і пачалі біць». У Маладзечна судзяць удзельнікаў інцыдэнту з АМАПам


Падчас акцыі салідарнасці ў Маладзечна 19 чэрвеня АМАП пачаў затрымліваць удзельнікаў «жывога ланцугу», а мінакі спрабавалі іх адбіць. Цяпер судзяць тых, хто знаходзіўся ў эпіцэнтры гэтага інцыдэнту.

Мікалай Алейнік у пятніцу 19 чэрвеня здымаў на свой тэлефон відэа, як у Маладзечна людзі адбілі мінакоў ад АМАПу. Аднак пазней хлопца затрымалі і ён быў дастаўлены ў мясцовы ІЧУ. Праз праблемы са здароўем, падчас затрымання яму стала кепска, у РАУС выклікалі хуткую дапамогу. У хлопца таксама разбіты нос.

У ізалятары Алейнік правёў усе выходныя. У панядзелак распачаўся суд, але яму зноў стала кепска, таму суддзя зрабіў перапынак да 24 чэрвеня.

Яго вінавацяць па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Раней у панядзелак суддзя Вольга Дубовік без тлумачэнняў не задаволіла хадайніцтва Мікалая, каб яго ў судзе прадстаўляў брат Юры. (Паводле артыкулу 4.5 працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях родны брат можа з’яўляцца абаронцам).

Мікалай Алейнік.
Фота: belsat.eu

Паводле даведак з лякарні, у Алейніка пашкоджанне, кровападцёк правага перадплечча. Ён хадайнічае аб далучэнні да матэрыялаў справы фотаздымкаў, дзе відаць як супрацоўнік міліцыі дастаў зброю. Суддзя вырашыла задаволіць гэтую просьбу.

Паводле пратакола Алейнік хватаўся за форму міліцыянтаў. Пацярпелы – Баранаў Яўген Віктаравіч, камандзір групы АМАПу УУС Менаблвыканкама. З ягоных словаў, Мікалай найбольш актыўны ўдзельнік, выкрыкваў лозунгі «Выпускай!», «Стоп таракан», «Ганьба», заводзіў натоўп і здымаў гэта ўсё на камеру.

Са словаў Баранава, ні ён, ні іншыя супрацоўнікі не ўжывалі фізічную сілу супраць Мікалая, акрамя загібу рукі за спіну. Паводле медычных даведак – у хлопца ўшыбы. Алейнік папрасіў відэазапіс з нагрудных камераў міліцыянтаў. Аднак сведка – супрацоўнік АМАПу Якавенка – сказаў, што не паспеў уключыць камеру і запісу не было.

«Мяне кінулі ў мікрааўтобус і пачалі біць. Час ад часу яшчэ і заламывалі рукі. Я казаў: не кранайце, у мяне баліць сэрца. А рукі заламываліся яшчэ больш», – расказвае Мікалай.

Хлопец узгадвае, што ў аддзяленні міліцыі падчас допыту задавалі правакацыйныя пытанні, кшталту «Хто болей падабаецца: хлопцы ці дзяўчыны?»

Мікалай шмат здымаў у той дзень, аднак пасля затрымання на мабільным тэлефоне ўсё было выдалена.

Суддзя Вольга Дубовік прызнала Мікалая вінаватым паводле абодвух артыкулаў КаАП і прысудзіла Алейніку 15 содняў. У хлопца ёсць 5 дзён, каб абскардзіць гэтае рашэнне.

А 15-ай гадзіне распачаўся суд над музыкай Андрэем Багамолавым. Яго затрымалі на наступны дзень пасля інцыдэнту 19 чэрвеня, вінавацяць паводле артыкула 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Андрэя затрымалі ўначы з пятніцу на суботу. Ён выйшаў наўпрост у пантофлях за цыгарэтамі, калі да яго падышлі міліцыянты і сказалі, што ён падыходзіць пад арыенціроўку. У РАУСе ён правёў усе выходныя. У панядзелак распачаўся суд над ім, але суддзя зрабіла перапынак да сённяшняга дня.

Андрэй Багамолаў.
Фота: Belsat.eu

«У навінах я даведаўся, што перакрылі галоўную вуліцу ў Маладзечна – Вялікі Гасцінец. Ні пра якое масавае мерапрыемства я не ведаў», – сказаў Багамолаў.

Рашэнне адносна Андрэя Багамолава будзе агучана а 17:30. Ён адмовіўся ад дапамогі адваката.

«Я разумею сітуацыю і прыблізна знаёмы з тым, як звычайна паступаюць суддзі ў гэтых выпадках. Хутчэй за ўсё, ім ужо ўсё даклалі і ўсе гэтыя рашэнні ўжо даўно былі прынятыя. Я гатовы да горшага», – кажа Андрэй Багамолаў.

Трэцяга ўдзельніка патасоўкі Паўла Пяскова затрымалі таксама ў суботу. Яму выставілі абвінавачанне па 2 частцы артыкула 363 КК (супраціў працаўніку міліцыі з ужываннем гвалту або пагрозай ужывання гвалту).

Андрэя Багамолава таксама прызналі вінаватым і прысудзілі 7 сутак адміністратыўнага арышту.

 

Наста Кахановіч belsat.eu

 

Стужка навінаў