У Магілёве пакаралі штрафам удзельніцу сустрэчы з Ціханоўскім

Вольга Лобан у судзе. Фота: belsat.eu

5 траўня суд Кастрычніцкага раёну Магілёва прысудзіў 20 б.в. штрафу жыхарцы Магілёва Вользе Лобан. Жанчыну судзілі паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у сустрэчы аўтадому блогераў тэлеграм-каналу «Страна для жизни» 5 траўня ў Магілёве.

Справу разглядала суддзя Наталля Крашкіна. У якасці сведкаў па справе выступілі старшы інспектар Кастрычніцкага РАУС Уладзімір Пугачоў і старшы інспектар ДАІ Артур Цярэшчанка. Абодва сведкі заявілі, што Вольга Лобан 5 траўня брала ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і шэсце па Віцебскім праспекце, паводзіла сябе актыўна, уступала ў палеміку, знаходзілася ў цэнтры падзей.

Міліцыя спрабавала сарваць сустрэчу блогера Сяргея Ціханоўскага з падпісчыкамі

Сама Вольга Лобан на судзе патлумачыла, што ніякага мітынгу ў той дзень не было. Маўляў, людзі на Віцебскім праспекце ў Магілёве сабраліся абсалютна спантанна, гэтага немагчыма было прадказаць. Па словах жанчыны, міліцыя сама справакавала гэты сход людзей, калі спыніла аўтадом «Страны для жизни».

«Невядомы мужчына пырснуў балончыкам у вочы кіроўцы аўтадому. Міліцыя бачыла гэта. Я запытвала ў прадстаўнікоў міліцыі, чаму яны бяздзейнічаюць», – сказала Вольга на судзе. На што атрымала тлумачэнне суддзі Наталлі Крашкінай: «У вас няма права абараняць правы іншых грамадзянаў. Кіроўца сам павінен быў гэта зрабіць, а не вы. Часам грамадзяне парушаюць закон і тады ў супрацоўнікаў ёсць права ўжыць да парушальнікаў фізічную сілу, але я гэта зараз вам не буду казаць. Як можна ўмешвацца ў дзейнасць міліцыі?»

Вольга яшчэ раз патлумачыла суду, што была ўзрушана бяздзеяннем міліцыі і таму паказвала супрацоўнікам на яўныя правапарушэнні. Але суддзя заявіла, што ў Вольгі не было паўнамоцтваў гэта рабіць. Сведка Артур Цярэшчанка на гэткія заўвагі Вольгі адказаў, што ў некаторых выпадках яны не абавязаны даваць тлумачэнні сваіх дзеянняў грамадзянам.

Вольга Лобан і праваабаронца Барыс Бухель у судзе. Фота: belsat.eu

Пасля прагляду відэа з сустрэчы аўтадому 5 траўня ў Магілёве, Вольга сказала: «Я не адмаўляю, што была там. Я гуляла на вуліцы з мужам і дзецьмі, калі побач спынілі аўтадом. Але вінаватай я сябе не лічу, бо гэта не было масавым мерапрыемствам».

«Але ж там было 60 чалавек. І навошта вы абураліся там, гэта ж бачна на відэа?», – спытала Наталля Крашкіна. – «Таму і склалі пратакол, што вы абураліся».

Пры вынясенні рашэння суд улічыў, што ў Вольгі Лобан ёсць два малалетніх дзіця, а таксама 3 група інваліднасці, у выніку традыцыйны для артыкулу 23.34 арышт не далі, а далі штраф – 20 б.в. Вольга збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне.

Каманда блогу «Страна для жизни» атрымала содні ў Магілёве

«Палітыка дзяржавы такая – пасадзіць, закрыць раты, даць штрафы, напужаць. Нічога іншага я тут не бачу. Па Канстытуцыі мы маем права выражаць свае думкі. Я гэта і рабіла: выйшла і сказала. Нікога не пакрыўдзіла, не абразіла, не пабіла, а проста сказала, што думаю».

Вольга Васільева, «Белсат».

Hавiны