У М'янме выйшлі на волю журналісты Reuters - яны правялі ў турме больш за 500 дзён


Улады М’янмы амніставалі двух журналістаў Reuters, асуджаных на сем гадоў зняволення паводле абвінавачвання ў парушэнні закону аб дзяржаўнай таямніцы, паведамляе агенцтва.

Ва Лон і Сое Оо былі арыштаваныя ў снежні 2017 году падчас працы над матэрыялам пра забойствы вайскоўцамі мусульманаў-рахінджа. Суд над журналістамі выклікаў шырокае асуджэнне ў свеце – яго называлі нападам на свабоду прэсы. Гэтая справа лічыцца прыкладам спробаў Мʼянмы заглушыць навіны пра аперацыю спецслужбаў, якая ў 2017 годзе была накіравана супраць мусульманаў народнасці рахінджа.

У выніку «аперацыі па ачыстцы» 700 000 чалавек былі вымушаныя збегчы ў суседні Бангладэш, яны таксама сведчылі пра катаванні і забойствы з боку сілаў бяспекі Мʼянмы.

Рэпарцёры Reuters правялі за кратамі 511 дзён. Абодва знаходзіліся ў турме ў сталіцы краіны Янгоне. 7 траўня яны падпалі пад амністыю, абвешчаную прэзідэнтам для больш чым 6 тысяч вязняў. Пры гэтым яшчэ ў красавіку Вярхоўны суд Мʼянмы пакінуў без зменаў вынесены журналістам вырак.

Вызваліць журналістаў патрабавалі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, ААН і Еўразвяз.

КА belsat.eu

Стужка навінаў