У Крамлі пракаментавалі выказванні Лукашэнкі наконт расейскіх СМІ

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў сцвярджае, што змест публікацыяў на беларускую тэматыку – выключна пытанне рэдакцыйнай палітыкі расейскіх СМІ. Менавіта так ён пракаментаваў крытычныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі наконт публікацыяў шэрагу расейскіх СМІ і Telegram-каналаў.

Пра гэта паведамляе «РИА Новости».

«Я не магу вам сказаць, пра што ішла гаворка падчас размовы ў фармаце сам-насам прэзідэнтаў Расеі і Беларусі. А што тычацца расейскіх СМІ, то расейскія СМІ – гэта свабодныя сродкі масавай інфармацыі, і ўсё гэта пытанні іх рэдакцыйнай палітыкі», – сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў журналістам.

Учора на нарадзе з удзелам кіраўнікоў дзяржаўных СМІ Аляксандр Лукашэнка распавёў, што падчас нядаўняй сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы ў тым ліку абмяркоўваў публікацыі наконт Беларусі ў шэрагу расейскіх СМІ і Telegram-каналаў.

«Ён кажа: ты ведаеш, краіна вялікая… Вось і ў апошні раз з Мядзведзевым, Пуціным утрох мы сустракаліся, закранулі гэтыя тэмы. Кажа: гэта не мы. Кажу: як гэта «не мы», калі за гэтым каналам стаіць вось такі і такі чалавек? І называю прозвішчы вядомыя, якія люта ненавідзяць ці ж за грошы нешта пачынаюць у наш адрас скажаць».

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь з усіх бакоў працятая рознымі медыйнымі патокамі і шмат якія з іх адкрыта дэструктыўныя – «нам і ад саюзнікаў дастаецца, і ад супернікаў».

«Кажа: гэта не мы». Лукашэнка абмяркоўваў з Пуціным публікацыі ў расейскіх Telegram-каналах

ІІ belsat.eu

 

Hавiны