У Кітаі выяўлены новы небяспечны вірус

Навукоўцы ў Кітаі ідэнтыфікавалі новы штам віруса грыпу, які валодае сур’ёзным патэнцыялам да ўзнікнення пандэміі. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Вірус выявілі зусім нядаўна, яго разносчыкам выступаюць свінні, аднак ён здольны заражаць і людзей.

Даследчыкаў турбуе, што вірус можа мутаваць далей, што дазволіць яму з лёгкасцю перадавацца ад чалавека да чалавека, выклікаўшы новую глабальную эпідэмію.

Паводле навукоўцаў, хоць на дадзены момант сітуацыя яшчэ не стала пагрозлівай, новы патаген валодае ўсімі тыповымі характарыстыкамі, якія паказваюць на высокую ступень прыстасаванасці да заражэння чалавека, і патрабуе пільнага кантролю.

Апошняя масавая эпідэмія віруса падобнага тыпу, з якой сутыкнуўся свет, – успышка свінога грыпу, якая пачалася ў 2009 годзе ў Мексіцы. Смяротнасць ад яго апынулася ніжэй, чым асцерагаліся першапачаткова, – галоўным чынам таму, што вірус быў падобны на іншыя вірусы грыпу, якія цыркулявалі ў папярэднія гады, і шмат у каго са слабых катэгорыяў пацыентаў (галоўным чынам, людзей сталага ўзросту) апынуўся імунітэт да яго.

Асаблівасць жа цяперашняга віруса ў тым, што ён цалкам новы, не падобны на іншыя і ўстойлівасць да яго ў людзей або вельмі нізкая, або яе няма зусім.

ІІ belsat.eu

Hавiны