У Кітаі асудзілі навукоўцаў за эксперыменты з геномамі эмбрыёнаў


Суд Шэнь-Чжэнь (правінцыя Гуан-Дун, Кітай) асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 3 млн юаняў (каля 429 тысячаў долараў ЗША) навукоўца Хэ Цзянь Куя, за незаконны эксперымент з нараджэннем двайнятаў з генетычна мадыфікаваных эмбрыёнаў. Па гэтай справе асуджаныя яго калегі, піша DW.com

Агулам суд у Кітаі за эксперымент з геномамі эмбрыёнаў асудзіў трох навукоўцаў. Кіраўнік групы атрымаў тры гады турэмнага зняволення і вялікі штраф. Іншы навуковец асуджаны на два гады зняволення і штраф памерам 1 млн юаняў (каля 143 тысячаў долараў), іншы абвінавачаны атрымаў паўтара года турмы і штраф памерам 500 тысячаў юаняў (каля 71 тысячы долараў).

Першыя ў свеце дзеці са змененай ДНК – дзяўчаткі-блізняты Лулу і Нана – з’явіліся ў Кітаі летась. Эксперымент з геномам зладзіў навуковец Хэ Цзянь Куй з Паўднёвага навукова-тэхналагічнага ўніверсітэту. Паводле навукоўца, ДНК дзяцей была мадыфікаваная так, што іх арганізм зможа супрацьстаяць заражэнню вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ).

Эксперымент выклікаў крытыку як навукоўцаў, так і ўладаў. Дзяржаўны камітэт КНР па справах аховы здароўя і планавага дзетараджэння ініцыяваў расследаванне эксперыменту. Следчыя прыйшлі да высновы, што Хэ Цзянь Куй стварыў генетычна мадыфікаваных дзяцей, але пры гэтым парушыўшы некаторыя законы краіны. Адзначаецца, што ён выкарыстаў «небяспечную тэхналогію» для рэдагавання генаў эмбрыёнаў чалавека з мэтай узнаўлення, што «афіцыйна забаронена законам».

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў