У Кіеве знайшлі цела журналіста, заснавальніка расейскага інфармацыйнага агенцтва «Новый регион» Аляксандра Шчацініна.
Як паведамілі ў прэс-службе кіеўскага Галоўнага ўпраўлення Нацпаліцыі, паведамленне пра выяўленае цела паступіла ў паліцыю каля паўночы.
«На балконе выявілі мужчыну з агнястрэльным раненнем галавы. Паводле папярэдніх высноў судмедэксперта, смерць наступіла ў перыяд ад 20:00 да 21:30», – адзначылі ў паліцыі.
«Высветлілася, што ураджэнец Расейскай Федэрацыі, 1962 года нараджэння, некалькі гадоў жыў у Кіеве, быў дырэктарам інтэрнэт-выдання. Пры аглядзе месца здарэння праваахоўнікі канфіскавалі стрэляную гільзу, траўматычны пісталет, магазін да яго і перадсмяротную запіску. Дзверы ў кватэру былі зачыненыя, абсталяванне ў доме не парушанае», – адзначаюць паліцыянты.
Па факце распачата крымінальная вытворчасць па ч. 1 арт. 115 (наўмыснае забойства) Крымінальнага кодэксу Украіны з дадатковай прававой кваліфікацыяў – «самагубства».
Аляксандр Шчацінін жыў у Кіеве з 2005 года. Як адзначае суполка «Киев Оперативный» у «Фэйсбуку», выявілі цела журналіста на балконе ягоныя сябры, якія прыйшлі павіншаваць яго з днём нараджэння.
«Аляксандр сядзеў на крэсле з агнястрэльным раненнем у галаву, пад крэслам ляжаў пісталет. Паводле інфармацыі з вартых даверу крыніц, справа пакуль разглядаецца як самагубства, бо аднаму з блізкіх Аляксандр адправіў электронны ліст, у якім паведамлялася аб намеры пакончыць з сабой», – гаворыцца ў паведамленні.[/vc_column_text]
У сакавіку 2015 года Вярхоўны суд Расеі на патрабаванне Федэральнай служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый забараніў дзейнасць «Нового региона» як СМІ.
Глядзіце яшчэ >>> Сорак дзён без Паўла Шарамета. Што высветлілі следчыя за гэты час?
МЯ, паводле pravda.com.ua