У інтэрнэце збіраюць подпісы пад зваротам да ўладаў у сувязі з затрыманнем музыкаў у Менску


Амаль 900 чалавек на дадзены момант падпісалі зварот да ўладаў з просьбаю патлумачыць, чаму 25 сакавіка ў цэнтры Менску затрымалі музыкаў Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна.

Зварот можна падпісаць на сайце Petitions.by.

У тэксце адзначаецца, што музыкі хацелі выканаць некалькі сваіх песняў на цэнтральнай пешаходнай турыстычнай вуліцы ў 101-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, аднак іх затрымалі без тлумачэння прычынаў.

«Старшыні Менгарвыканкама, Анатолю Сіваку пытанне: чаму ў Беларусі, краіне ў цэнтры Еўропы, на пешаходнай вуліцы, у якую былі ўкладзеныя мільёны рублёў падчас рэканструкцыі – забаронена гуляць вулічным музыкам? Наперадзе 2 Еўрапейскія гульні, на якія прыедуць госці з многіх краінаў, у якіх ёсць такая традыцыя. Што мы ім хочам паказаць? Пустую вуліцу з гранітнай пліткай і 623 слупка?»

Таксама ў звароце ёсць пытанне да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча: якім чынам дзеянні міліцыянтаў адпавядаюць Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, якую падпісаў А.Лукашэнка літаральна на мінулым тыдні?

«На пешаходных вуліцах у іншых краінах заўсёды гуляюць вулічныя музыканты. Мы, ніжэйпадпісаныя, патрабуем зняць забарону на выступы на вул.Камсамольская і Рэвалюцыйнай!» – гаворыцца ў дакуменце.

Абноўлена
Музыкаў выпусцілі з РАУС. У Менску – феерверкі. Хроніка Дня Волі
2019.03.25 13:34

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў