У ХК «Дынама-Менск» звольнены ўвесь трэнерскі штаб

Менскае «Дынама» прыняло рашэнне аб звальненні галоўнага трэнера Гордзі Дуайера. З ягонымі асістэнтамі, трэнерамі Сяргеям Стасём, Канстанцінам Кальцовым, Андрэем Кудзіным, Генадзем Лянгом і Юрыям Кузьмянковым кантракты скасаваныя па пагадненні бакоў, паведамляе сайт хакейнага клубу.

«Камандзе патрэбная рэвалюцыя перамены, таму, сумесна з трэнерамі абмеркаваўшы становішча справаў, мы прыйшлі да аднадушнай высновы, што спыненне супрацы з цяперашнім трэнерскім штабам павінна надаць станоўчы імпульс нашай камандзе. Нам неабходна кардынальнае паляпшэнне практычна ўсіх кампанентаў гульні. У такія моманты рэзкія рашэння апраўданыя, толькі так мы можам нешта змяніць. Пра тое, хто заменіць Гордзі Дуайера і ягоных асістэнтаў, будзе неўзабаве абвешчана», – цытуе прэс-служба словы генеральнага дырэктара ХК «Дынама-Менск» Дзмітрыя Баскава.

  • Дуайер узначаліў «Дынама-Менск» летам 2017 года. У мінулым сезоне каманда не трапіла ў плэй-оф. На дадзены момант «Дынама-Менск» займае апошняе месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, ад зоны плэй-оф беларускую каманду аддзяляюць сем балаў.
  • 40-гадовы Дзмітрый Баскаў быў прызначаны генеральным дырэктарам хакейнага клубу «Дынама-Менск» сёлета ў канцы кастрычніка. Раней Баскаў трэнаваў маладзёвую і юнацкую зборныя Беларусі, а таксама аматарскую каманду, за якую выступае Мікалай Лукашэнка.

ІІ, belsat.eu

Hавiны