У Горадні будзе новы гігант хіміі. Пратэстаў не чуваць


Аляксандр Лукашэнка днямі агучыў новую будоўлю для Горадні. У горадзе будзе яшчэ адзін «Азот», вялікае хімічнае прадпрыемства. Навошта Лукашэнку спатрэбілася гэтае быццам бы абмеркаванне – будаваць, не будаваць, калі ў пачатку лютага ўжо было дакладна вядома, што будоўлі быць?

Гляджу ў акно: у акне «Азот»

У Брэсце пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Гігант хіміі, новы «Азот» – нешта больш грандыёзнае, але ў Горадні аб пратэстах жыхароў не чуваць. Некалі менавіта прыкметны экалагічны рух прымушаў улады вылучаць грошы на мадэрнізацыю «Азота» і іншых прадпрыемстваў, каб зменшыць шкодныя выкіды ў атмасферу.

Але гэта было даўно – у канцы «перабудовы». Экалагічны клуб аб’яднаў маладых навукоўцаў, іх голас гучаў на першых мітынгах. Сёння ў Горадні ціша.

Новы «Азот», як паведамлялася раней, павінен паўстаць побач з цяперашнім. А ён, як вядома, знаходзіцца ў гарадскіх межах. Жыхары бліжэйшых дамоў, што падступаюць да санітарнай зоны прадпрыемства, кожны дзень глядзяць у вокны на яго коміны і з трывогай рэагуюць на любое паведамленне аб здарэннях.

Хто за? Хто супраць?

Чаму не адбываецца грамадскае абмеркаванне сур’ёзных будоўляў? Быў жа прыклад – узвядзенне завода па сартаванні смецця. Але тады пазыку на будаўніцтва вылучыў Сусветны банк. І адной з умоў было абавязковае публічнае абмеркаванне будаўніцтва. Нікуды не дзенешся: улады скарыліся.

Цікава, што абмяркоўваліся дзве пляцоўкі. Адна каля «Азота». І яна выглядала больш верагоднай. У гэтым выпадку завод быў бы і параўнальна недалёка ад гарадскіх кварталаў, а гэта – эканомія паліва для смеццявозаў, і была б выкарыстаная санітарная зона, а не прыдатная для іншых мэт зямля. Але пляцоўку пакінулі ў рэзерве. Для новага гіганта хіміі, праект якога ў тыя гады капітальна завіс.

Купляй, не шкадуй грошай!

Праблема «Азота» у ваганнях коштаў на яго прадукцыю на знешніх рынках. Яшчэ адна – у газе, асноўнай сыравіне. Прадпрыемства выкарыстоўвае яго ў велізарных колькасцях. Дастаткова сказаць, што прыблізна дзесяць працэнтаў ад усяго спажыванага краінай прыроднага газу паступае «Азоту». Гэтае прадпрыемства больш за іншых было зацікаўленае ў перамогах у «газавых войнах» з Расеяй, якія адбываліся некалькі разоў.

Таму «Азот» быў у руках беларускага начальства гэткім чамаданам без ручкі. З аднаго боку: можна нядрэнна і досыць стабільна зарабляць, калі ўзровень коштаў на сусветным рынку будзе прымальным. З іншага, вечны галаўны боль з газам, вечная барацьба за тое, каб «старэйшы брат» не скупіўся, не заломліваў цэны.

І ў галаве начальства выспела наступнае рашэнне: няхай рускія купяць частку акцый “Азота”. Затым азадачыць іх мадэрнізацыяй вытворчасці. Але, мабыць, самым важным ва ўсёй гэтай камбінацыі было жаданне, каб нарэшце расейскі газ паступаў для патрэб гарадзенскага гіганта хіміі па расейскіх коштах. А каб так атрымалася, хацелася ў абавязковым парадку наступнае – прадаць акцыі той з кампаній, што сама займалася здабычай газу, а значыць мела сваю сыравіну. Але нічога не выйшла. Заламалі нерэальную цану.

Кітайскія грошы

Не атрымалася з Расеяй, будзем будаваць самі – прагучала пазней. Але хацелася па-ранейшаму, каб знайшоўся хтосьці з боку. І вось, быццам бы, індусы зацікавіліся ў нейкі момант. І паабяцалі нават мільярд даляраў ўкласці ў будоўлю. Але, падобна, перадумалі.

Цяпер гаворыцца аб кітайскім інвестары. Усё можа быць. Шкада толькі, што наўрад ці кітайскі бок, які дае (або паабяцаў даць) крэдыт, патурбуецца аб грамадскім абмеркаванні будаўніцтва яшчэ аднаго хімічнага гіганта ў Горадні.

Цэны вагаюцца

Раней праект пабудовы другога «Азота» ацэньваўся ў 900 тысяч даляраў, цяпер – у 1 мільярд 300 тысяч. Як мінімум. Усё гэта пачынае нагадваць будаўніцтва АЭС пад Астраўцом, кошт якога імкліва павялічыўся. І не выключана, рашэнне аб новым гіганце хіміі ў Горадні звязана з ёй сёння напрасткі. Уладам можа здавацца, што змогуць адразу двух зайцоў падстрэліць. Па-першае – частка электрычнасці пусціць на новы «Азот». І потым: АЭС абяцае эканомію газу. І куды гэты газ? Новаму «Азоту»? Няйначай.

Гэтыя здагадкі пацвярджаюць словы віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі. Ён заявіў, што ўвод у эксплуатацыю атамнай станцыі дазволіць знізіць выкарыстанне прыроднага газу на 5,5 мільярда кубаметраў у год.

Непрадказальнасць сусветнага рынку – «ахілесава пята» «Азота». Бо два гады таму прадпрыемства мела страты. І раней галоўны падаткаплацельшчык ў Горадні на час перастаў быць такім, саступіўшы месца іншым, перш за ўсё тытунёвай фабрыцы. Калі аднаго «Азота» мала, можна, вядома, пабудаваць другі. Але кошты на сусветным рынку ад гэтага наўрад ці зробяцца больш стабільнымі.

Алесь Панятоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў