У Горадні затрымалі валанцёраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай

Затрыманне адбылося прама на пікеце падчас збору подпісаў, гаворыцца ў Telegram-чаце «Страна для жизни».

У Горадні 4 чэрвеня падчас збору подпісаў за патэнцыйную кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую затрымалі валанцёра ініцыятыўнай групы Уладзіміра Кнігу. Невядомыя ў цывільным запіхнулі мужчыну ў чорны бус. Куды яго павезлі і прычына затрымання пакуль невядомыя.

Затрыманне Уладзіміра Кнігі, фота: «Страна для жизни»

Паводле іншых сяброў ініцыятыўнай групы, Уладзімір заўсёды дапамагаў ім на пікетах – напрыклад, ставіў намёты.

«Мы, як заўсёды, прыехалі, выгрузілі рэчы і пачалі раскладаць намёт. Тут з’явіліся двое ў цывільным, закрычалі: »Гэта міліцыя!«, схапілі Уладзіміра. Потым падбеглі яшчэ тры чалавекі і завалаклі яго ў цёмна-шэры Ford Transit» – гаворыць Вольга Каракіна, каардынатарка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Пазней стала вядома аб затрыманні самой Вольгі. Дзяўчына знаходзілася на працы на міні-рынку на вуліцы Паповіча, паведамляе «Вясна». Зараз у кватэры, дзе жыве дзяўчына, адбываецца ператрус.

Вольга – дзяўчына затрыманага ў межах крымінальнай справы Дзмітрыя Фурманава.

Затрыманне Уладзіміра Кнігі, фота: «Страна для жизни»

Нагадаем, што 29 траўня на пікеце ў Горадні быў затрыманы старшыня ініцыятыўнай групы і блогер Сяргей Ціханоўскі. Зараз ён знаходзіцца ў менскім СІЗА і абвінавачваецца ў прычыненні гвалту ў дачыненні да міліцыянта.

КТ belsat.eu

Hавiны