Ад каронавіруса памёр галоўны патолагаанатам Гарадзенскай вобласці

22 траўня пасля працяглага часу ў рэанімацыі Гарадзенскай універсітэцкай клінікі памёр галоўны патолагаанатам Гарадзенскай вобласці Міхаіл З. У яго быў станоўчы вынік тэсту на COVID-19. Гэтую інфармацыю пацвердзілі некалькі крыніцаў belsat.eu.

Міхаіл З. працаваў у Гарадзенскай больніцы хуткай дапамогі. На стацыянарным лячэнні заставаўся ў рэанімацыі Гарадзенскай універсітэцкай клінікі. Як доўга ён там быў, невядома, але апошні тыдзень ляжаў у коме на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Стан Міхаіла З. быў вельмі цяжкі.

Морг, ілюстрацыйны здымак. Фота: Larry Towell / Magnum Photos / Forum

Са словаў медыкаў, знаёмых з сітуацыяй, на гэтым тыдні ягонае самаадчуванне палепшылася, але ўратаваць спадара Міхаіла не змаглі.

«Шырокае кола медыкаў, не толькі ягоныя калегі, гаварылі, што спадар Міхаіл быў добрым чалавекам. Ніводзін нічога кепскага пра яго не сказаў, усе яго хвалілі», – распавяла крыніца belsat.eu.

Таксама гарадзенскія медыкі пацвярджаюць успышку каронавіруса сярод патолагаанатамаў:

«Успышка сярод патолагаанатамаў дакладна ёсць, але колькасць невядомая, усё хаваюць. Фактычна ўсе патолагаанатамы, якія мелі кантакт з памерлым, – кантакты першага ўзроўню».

Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя і прэсавая сакратарка міністэрства Юлія Барадун для каментароў недасяжныя.

Рэдакцыя Belsat.eu выказвае шчырыя спачуванні блізкім і родным Міхаіла З.

ДР belsat.eu

Hавiны