У Горадні паказалі «Бежанцаў». Гэта першы публічны паказ стужкі Юрыя Каліны ў Беларусі


Тры мільёны ўцекачоў і перасяленцаў, з якіх толькі два засталося жывых. Юрый Каліна прадставіў у Горадні зняты для «Белсату» фільм пра адну з самых трагічных старонак беларускай гісторыі.

Першы паказ дакументальнай стужкі ў Беларусі адбыўся ў вельмі сімвалічным месцы, наўпрост звязаным з вялікай беларускай трагедыяй Першай сусветнай вайны.

Рэжысёр Юрый Каліна

Мерапрыемства адбылося ў актавай залі прыходскага дому Свята-пакроўскага сабору ў Горадні. Як распавёў перад паказам кінастужкі настаяцель сабору айцец Георгій Рой, менавіта тут пасля вяртання з бежанства гуртаваліся людзі, якія часцяком проста не мелі куды вярнуцца.

Настаяцель Свята-Пакроўскага сабору ў Горадні айцец Георгій Рой

«Гэтае мерапрыемства і прагляд фільму ладзіцца ў рэчышчы святкавання нашай саборнай супольнасцю 110 гадоў з дня асвячэння Пакроўскага кафедральнага сабора. Гэты год у нас гістарычны. І гэты сабор, які першапачаткова вызначаўся як гарнізонны, стаў кафедральным у выніку вось гэтых падзей Першай сусветнай вайны і бежанства. І калі бежанцы вярталіся са свайго вымушанага падарожжа, то яны вярталіся ў горад і трэба было зноў наладжваць сваё жыццё. І ў тым ліку жыццё царкоўнае. І менавіта Пакроўскі кафедральны сабор стаў такім асяродкам, дзе гуртаваліся ўчорашнія бежанцы, дзе яны сустракаліся, маліліся, дапамагалі адзін аднаму. Шмат хто не вярнуўся і гэта таксама тая памяць і тая рана, якую нельга забываць. Я думаю, што амаль у кожнай сям’і ёсць успаміны пра тых, хто быў у гэтым бежанстве, хто вярнуўся, а хто і не вярнуўся», – кажа айцец Георгій.

«Дзякуй Богу, я паспеў яшчэ запісаць некалькі жывых сведкаў»

Прагляд фільму “Бежанцы.1915-1922”

Рэжысёр быў крыху ўражаны наяўнасцю поўнай залі людзей, якія прыйшлі пабачыць фільм. Пасля прагляду многія з прысутных узгадвалі сваіх родных, якія перажылі некалькі гадоў галодных тулянняў па землях імперыі, якая ледзь трымалася на гліняных нагах.

«Варта згадаць, што з тагачаснай Гарадзенскай губерні выехала 80 адсоткаў праваслаўных жыхароў. Калі б большасць засталася там, прынамсі на гэта разлічвалі ў 1915-16-м гг., тады мяне і многіх з вас тут не было б. Мы былі б або ў Саратаўскай губерні, куды мая прабабуля заехала, або ў Казанскай, або ў Сібіры, або ў Маскве. У Польшчы гэтая тэма адрадзілася – у Падляскім ваяводстве, адкуль я родам, у 2015-м годзе, у сотую гадавіну пачатку «бежанства» пачалі з’яўляцца кніжкі.

Было некалькі навуковых канферэнцыяў, тэатральныя пастаноўкі. Фактычна ад гэтага часу людзі пачалі гаварыць пра гэта публічна. Раней пра бежанства ведалі толькі тыя, у каго ў сем’ях захаваліся ўспаміны. І калі б іх не было, то мы б на гэта забыліся.

Таму што большасць уцекачоў тады былі непісьменныя сяляне. Дзякуй Богу, я паспеў яшчэ запісаць некалькі жывых сведкаў», – распавядае рэжысёр фільму.

Некаторых сваіх суразмоўцаў Юры Каліна пачаў запісваць яшчэ 20 гадоў таму, калі распачаў працу на Беластоцкім тэлебачанні. Адна з жанчын 1905 года нараджэння – суседка рэжысёра ў вёсцы, дзе ён нарадзіўся. Пасля таго, як тэма ў 2015-м годзе стала публічнаю, спадар Юры адчуў, што надышоў час, каб зрабіць паўнавартаснае дакументальнае кіно.

Тры мільёны – мінімум

«Я чуў некалькі такіх аповядаў, што калі ўся вёска выязджала, ішлі атрады казакоў, якія палілі гэтую вёску, каб людзі не мелі куды вяртацца. Такіх выпадкаў было вельмі шмат. Урэшце гэтая палітыка давяла да таго, што царская армія сама сабе нашкодзіла. Бо цягнікі, якімі везлі бежанцаў на Усход былі патрэбны для транспарту войска. Пра што я спрабую сказаць у фільме. Што гэта была цалкам памылковая палітыка, якая давяла да трагедыі мільёны людзей. Нельга забываць што гэта была вайна. Тэарэтычна ўсё было добра распрацавана. Я нават бачыў мапу дзе ўсё было пазначана. Шляхі эвакуацыі, медпункты, харчавальныя пункты, нават лазні па дарозе. Але гэта ўсё засталося ў тэорыі. На практыцы сотні тысяч трупаў і людзі з паламаным лёсам», – распавядае аўтар фільму.

Гісторык Генадзь Семянчук

«Я хачу нагадаць, што лічба 3 мільёны – умоўная. Гэта самая мінімальная лічба. Ахвяраў было яшчэ болей. Мы згубілі амаль столькі, колькі згубілі ў Другой сусветнай вайне. Ёсць тэмы, якія ў сучасным нашым жыцці на загад ідэалагічных аддзелаў замоўчваюцца. І трагедыя беларускага народу ў Першай сусветнай вайне свядома замоўчваецца. У маленькім Падляскім ваяводстве прайшло больш навуковых канферэнцый і выдадзена больш кніжак пра бежанства, чым ва ўсёй Беларусі. Да сённяшняга дня архівы не складаюць базы дадзеных аб людзях, каторых вывозілі», – каментуе гісторык і адзін з выступоўцаў у фільме Генадзь Семянчук.

«Я рабіў гэты фільм амаль тры гады. Усё, што я хацеў у ім сказаць, я сказаў. Аднак я лічу, што гэтая гісторыя чакае яшчэ сваіх гісторыкаў, даследчыкаў, журналістаў, мастакоў, рэжысёраў у тэатры ці ў кіно. Беларускае тэлебачанне ўжо даўно павінна было зрабіць мастацкі фільм на гэтую тэму. Гэта датычыла адной трэцяй часткі беларускага грамадства», – дадае Юрый Каліна.

Як распавёў прысутным рэжысёр, тэмай яго наступнага фільму стануць пасляваенныя рэпатрыянты з Усходняй Польшчы, а менавіта 50 тысяч этнічных беларусаў, якія ў 45-46-і гг. выехалі ў Беларусь і Украіну.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў