У Гон-Конгу тысячы дэманстрантаў у нядзелю, 16 чэрвеня, выйшлі на акцыю пратэсту, патрабуючы ад уладаў цалкам адмовіцца ад спрэчнага законапраекту аб экстрадыцыі меркаваных правапарушальнікаў і злачынцаў у КНР. Актывісты сабраліся ў парку Вікторыя, каб адтуль прайсці маршам праз цэнтр гораду, паведамляе DW.com.
Праваабарончая арганізацыя Civil Human Rights Front заявіла, што чарговая акцыя пратэсту неабходная, паколькі ўлады Гон-Конгу ўсё ж не цалкам адмовіліся ад законапраекту аб экстрадыцыі ў КНР. Удзельнікі акцыі патрабуюць таксама, каб кіраўніцтва ўраду Гон-Конгу сыйшло ў адстаўку.
У суботу, 15 чэрвеня, улады гораду на тле масавых пратэстаў агучылі, што разгляд законапраекту аб экстрадыцыю ў КНР прыпынены на нявызначаны тэрмін, паколькі грамадскасць выказвае сумневы з нагоды гэтага дакументу.
Актывісты пратэстуюць супраць планаў уладаў, спасылаючыся на тое, што ў КНР адсутнічае празрыстая сістэма юстыцыі, і ў гэтай краіне ўжываецца смяротнае пакаранне.
Тыдзень таму ў акцыі пратэсту ў Гон-Конгу прынялі ўдзел амаль мільён асобаў. Падчас мітынгу адбыліся сутыкненні з паліцыяй, у выніку якіх пацярпелі больш за 80 чалавек.
СК belsat.eu