У Гомлі на месцы яблыневага саду не будуць будаваць «МакДоналдс»

Жыхары Гомля 9 сакавіка паведамілі «Белсату» у «Жывым мікрафоне», што ў Гомлі на месцы гарадскога яблыневага саду будзе пабудаваны «МакДоналдс». Агенцтва Blue Media, якое прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы кампаніі, сёння зняпраўдзіла звесткі і заявіла, што ў планы гэта не ўваходзіць.

Гамельчукі незадаволеныя тым, што яблыневы сад на скрыжаванні вуліцаў Фадзеева і Яфрэмава нібыта яшчэ з канца мінулага год аддалі пад забудову сетцы рэстарацыяў хуткага харчавання. Звароты грамадскасці з патрабаваннем пакінуць сад мясцовыя ўлады ігнаравалі, сцвярджалі яны.

Аднак, як вынікае з афіцыйнай заявы «МакДоналдс», накіраванай «Белсату» 11 сакавіка, кампанія не збіраецца будаваць рэстарацыю на месцы саду. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Blue Media Іван Караічаў.

«МакДоналс» не плануе будаўніцтва рэстарацыі сваёй сеткі ў Гомлі на скрыжаванні вуліцаў Фадзеева і Яфрэмава. Наколькі нам вядома, на гэтай пляцоўцы прыватнай асобай плануецца будаўніцтва ўласнай рэстарацыі з назвай «МакДрайв» без дазволу праваўласніка, што з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства», – гаворыцца ў рэлізе.

Кампанія пакідае за сабой права звярнуцца ў кампетэнтныя органы ў сувязі з парушэннем правоў уласнасці на гандлёвы знак і шкодай дзелавой рэпутацыі.

КА belsat.eu

Hавiны